БАТЭ страціў першыя ачкі ў матчах футбольнага чэмпіянату Беларусі



Пасля пяці перамог запар на старце 32-га чэмпіянату Беларусі футбалісты барысаўскага БАТЭ страцілі першыя ачкі, згуляўшы ўнічыю ў гасцях у менскага „Дынама” – 2:2. Цэнтральны паядынак 6-га тура, як і чакалася, прайшоў у вельмі ўпартай барацьбе. На 65-й хвіліне дынамаўцы зарабілі пенальці, які ўпэўнена рэалізаваў Іван Бахар. Аднак госці не збіраліся саступаць і неўзабаве адказалі галамі Станіслава Драгуна і Аляксандра Філіпавіча. Падначаленыя Арцёма Чалядзінскага зусім нядоўга былі ў ролі даганяючых – на 80-й хвіліне свой другі мяч забіў Іван Бахар. У астатні гульнявы час барысаўчане мелі больш шанцаў на поспех, але здабыць шостую вікторыю запар ім не ўдалося – нічыя 2:2. Сталічны „Энергетык-БДУ” нечакана разграміў у гасцях „Нёман” 4:1. Героем сустрэчы стаў найлепшы бамбардзір першынства ўзбекскі нападнік мінчан Бабір Абдзіхолікаў, які аформіў хет-трык. Цяпер у яго актыве стала 8 забітых мячоў. У складзе „Нёмана” вызначыўся Юрый Паўлюкавец. Дзякуючы гэтай вікторыі „Энергетык-БДУ” выйшаў на другую пазіцыю ў турнірнай табліцы. „Шахцёр” адолеў „Гомель” 1:0. Перамогу гарнякам прынёс гол Дэмба Дарба з пенальці ў дададзены да другога тайма час. „Шахцёр” здабыў другую вікторыю ў сезоне.

„Ракув” без Шкурына выйграў Кубак Польшчы

„Ракув” адолеў „Лех” у фінале Кубка Польшчы па футболе 3:1 і стаў уладальнікам трафея. У пераможцаў беларускі форвард Ілля Шкурын не трапіў у заяўку на сустрэчу. „Ракув” узяў трафей другі раз запар.

Беларускія хакеісты зноў прайгралі камандзе Расеі ў таварыскім матчы

Зборная Беларусі па хакеі прайграла расейцам у другім таварыскім матчы, які прайшоў у Туле. Пасля двух перыядаў паядынку расейцы былі наперадзе з лікам 2:0. Аднак у фінальнай трэці беларусам удалося зраўняць лік намаганнямі Ягора Чазганава і Віталя Пінчука, прычым форвард „Металурга” закінуў на апошняй хвіліне асноўнага часу. У выніку сустрэча перайшла ў авертайм, дзе перамогу гаспадарам прынёс Марат Хайрулін – 3:2. Далей зборная Беларусі адправіцца ў Санкт-Пецярбург, дзе з 5 па 8 траўня прыме ўдзел у таварыскім турніры. У суперніках – нацыянальная і моладзевая каманды Расеі.

Івашка прайграў у 1/32 фіналу турніру ў Мадрыдзе

Беларускі тэнісіст Ілля Івашка пацярпеў паразу на старце турніру катэгорыі АТР-1000 у Мадрыдзе з прызавым фондам 6,7 мільёнаў еўра. У 1/32 фіналу беларус, які займае 48-е месца ў сусветным рэйтынгу, саступіў у трохсэтавым паядынку італьянскаму тэнісісту Ларэнца Музеці, у якога 63-я пазіцыя, – 6:2, 3:6, 5:7.

Беларускае Радыё Рацыя