МУС Чэхіі прапануе не выдаваць візы для беларусаў і расейцаў
МУС Чэхіі прапануе падоўжыць забарону на выдачу візаў і відаў на жыхарства беларусам і расейцам пасля заканчэння надзвычайнага становішча, паведамляе «Чэскае тэлебачанне». Такая мера, на думку Міністэрства ўнутраных спраў, акажа ціск і можа паспрыяць спыненню вайны.
Прапанова МУС зараз знаходзіцца на стадыі разгляду.
У пачатку сакавіка ў Чэхіі было абвешчана надзвычайнае становішча. Сярод іншых мераў яно прадугледжвала забарону на выдачу візаў і дазволаў на доўгатэрміновае пражыванне для расейцаў і беларусаў. Выключэнне было зроблена для членаў сем’яў грамадзян ЕС, якія жывуць у Чэхіі, а таксама для людзей, якіх у Расеі ці Беларусі пераследуюць па палітычных матывах. Надзвычайнае становішча дзейнічае да 31 траўня.