У Беларусі адзначаюць Радаўніцу
У праваслаўных вернікаў Радаўніца – дзень памінання памерлых. Па традыцыі спачатку людзі ідуць на набажэнства ў царкву, а затым на могілкі. Сёлета, напярэдадні Радаўніцы, іерархі праваслаўнай царквы на Беларусі заклікалі вернікаў не несці на могілкі штучныя кветкі, бо яны аніяк не перагукаюцца з хрысціянскімі сімваламі. Варта пасадзіць натуральныя кветкі.
“Перадусім душа памерлага патрабуе шчырай малітвы, а не кветак ці нейкіх ласункаў”, – гаворыць святар Аляксандр Лаўрыненка:
-Аўторак другога тыдня пасля Вялікадня з’яўляецца Бацькоўскім днём. То бок, у гэты дзень адбываецца памінанне памерлых. У гэты дзень вернікі моляцца пра памерлых, пра спачын іх несмяротных душаў. Памінаць усіх памерлых – родных і блізкіх – можна ўзяўшы Малітоўнік. Там ёсць адмысловыя малітвы. І такім чынам можна памянуць памерлых.
Дарэчы, Дзень памінання памерлых пасля Вялікдня ў некаторых рэгіёнах Беларусі не супадае з Радаўніцай. У шэрагу раёнаў вернікі ідуць на могілкі ўжо на другі дзень Вялікадня, а на беларускім Палессі памінаюць памерлых у першы чацвер, па-мясцоваму ён называецца Наўскі чацвер.
Беларускае Радыё Рацыя