„Беларусь важная, як і Украіна”



Газета Washington Post прысвяціла рэдакцыйны артыкул сітуацыі ў Беларусі.

Лукашэнка цяпер стаў сатрапам прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, дазволіўшы расейскім войскам выкарыстаць Беларусь у якасці плацдарму для вайны супраць Украіны: «Дэмакратыю як у Беларусі, так і ва Украіне трэба выратаваць ад таго, каб яе растапталі цяжкія боты Пуціна і Лукашэнкі».

У той час, піша Washington Post, як грамадзяне і вайскоўцы Украіны вядуць экзістэнцыйную барацьбу за выжыванне, Святлана Ціханоўская нагадала, што народ Беларусі, хоць і не знаходзіцца ў стане вайны, вядзе не менш важную барацьбу за звяржэнне дыктатуры Лукашэнкі.

На думку рэдакцыі, у еўрапейскіх і амерыканскіх санкцыях супраць рэжыму Лукашэнкі застаюцца шчыліны, таму іх жорсткасць трэба ўзмацняць з той жа сілай, што і супраць рэжыму Пуціна. Трэба разгледзець санкцыі адносна экспарту сталі, а таксама абмежаванні для ўсіх дзяржаўных банкаў, нафтапрадуктаў і замарожванне беларускіх валютных рэзерваў. Расея, сцвярджаецца ў артыкуле, выпусціла ракеты па Украіне з Беларусі, адтуль жа лятала камандна-штабная авіяцыя і там жа да гэтага часу ёсць шматтысячны вайсковы кантынгент. Таму «Лукашэнка з’яўляецца саўдзельнікам вайны Пуціна і павінен аказацца на лаве падсудных разам з ім як ваенны злачынец».

Беларускае Радыё Рацыя