У Кіеве сваю дзейнасць аднавілі больш за 30 амбасадаў
69-ы дзень вайны. Новыя санкцыі ЕЗ супраць Беларусі і Расеі могуць зацвердзіць да 9 траўня. Галоўная інтрыга — ці будзе ў новым пакеце санкцый эмбарга супраць паставак расейскай нафты. „Бі-Бі-Сі” нагадвае, што ЗША, Канада, Вялікабрытанія і Аўстралія ўвялі прамыя забароны на набыццё расейскай нафты, а 27 чальцоў ЕЗ дамовіцца пра агульнае эмбарга пакуль не змаглі. У Бруселі схіляюцца да ўвядзення забароны на імпарт нафты з РФ да канца года. Пры гэтым у шостым пакеце санкцый могуць быць асобна адзначаны выключэнні для Вугоршчыны і Славакіі. Тым часам многія нафтаперапрацоўчыя заводы ў ЕЗ самі спынілі закупкі расейскай нафты ці паабяцалі гэта зрабіць пасля заканчэння дзейных кантрактаў.
Тым часам, Расея плануе анексаваць так званыя „ДНР” і „ЛНР”. А ў Херсонскай вобласці мяркуецца правесці рэферэндум і абвясціць незалежную „ХНР”. Пра гэта са спасылкай на амерыканскую разведку заявіў амбасадар ЗША ў Арганізацыі бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе Майкл Карпентэр.
Між тым, у Кіеве сваю дзейнасць аднавілі 32 са 102 амбасадаў замежных краін. Беларускай сярод іх няма. Усе часова пакінутыя будынкі і памяшканні дыпмісіяў ахоўваюць супрацоўнікі Нацыянальнай гвардыі Украіны, у тым ліку і амбасаду краіны-агрэсара Расейскай Фэдэрацыі.
Беларускае Радыё Рацыя