Беларусы будуць ствараць культурныя праекты ў падтрымку Украіны
Беларускія культурніцкія мэнэджаркі Надзея Ількевіч і Таццяна Штэйнбук аб’ядналіся ў ініцыятыву CreateCulture Group, якая падтрымлівае і развівае культурны і крэатыўны сектар у Беларусі. Зараз, з нагоды актуальных у свеце падзей, з’явіўся новы праект – анлайн-рэзідэнцыя Cultural Bridge. З першага траўня беларускія мэнэджары культуры, якія знаходзяцца ў Варшаве, Вільні або Празе, маюць магчымасць падаць заяўку на ўдзел у рэзідэнцыі па стварэнні і рэалізацыі праектаў салідарнасці беларусаў з Украінай.
Гэтай праграмай мы хочам выказаць падтрымку Украіне і пашырыць тое, што беларусы супраць вайны і разам з Украінай! Мы адкрытыя да розных фарматаў культурных інтэрвенцый і праектаў (перфомансы, флэшмобы, акцыі, чэленджы, канцэрты, міні-выставы, муралы і г.д.). Важна, каб украінскія прадстаўнікі крэатыўнага і культсектара таксама прымалі ўдзел у рэалізыцыі праекта, ініцыятывы або былі таксама мэтавай аўдыторыяй. – Надзея Ількевіч, каардынатрка праекта Cultural Bridge.
У межах рэзідэнцыі, якая працягнецца паўтара месяца, тром удзельнікам патрэбна будзе распрацаваць індывідуальны або сумесны праект па тэме салідарнасці з Украінай і рэалізаваць яго ў сваім горадзе (Варшава, Вільня, Прага).
Праграма ўключае каардынацыйныя сустрэчы з рэзідэнтамі, фасілітацыю, дапамогу ў менеджменце, нэтворкінг з украінскімі прадстаўнікамі крэатыўнага і культурнага сектараў, дапамогу ў пошуку дадатковых партнёраў. Тром адабраным удзельнікам будзе прапанавана стыпендыя і бюджэт па рэалізацыі праекта. Арганізатарамі будзе створаны відэаблог пра кожны праект.
Беларускія мэнэджары культуры, якія знаходзяцца ў Варшаве, Вільні або Празе, і маюць досвед у арганізацыі культурных праектаў, жадаюць зрабіць праект на падтрымку Украіне і падкрэсліць салідарнасць беларусаў, могуць пакінуць заяўку тут. Звароты чакаюцца з 1 па 7 траўня. Мець ідэю на момант падачы заяўкі неабавязкова.
CreateCulture Group – некамерцыйная ініцыятыва па падтрымцы і развіцці культурнага і крэатыўнага сектараў Беларусі.
Дадатковыя пытанні па пошце: [email protected]