У беларускім войску пачалася „раптоўная праверка сіл рэагавання”



У беларускім войску пачалася „раптоўная праверка сіл рэагавання”, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.

Адпрацоўваюцца пытанні прывядзення ў баявую гатоўнасць, здзяйсненне маршу ў прызначаныя раёны, выкананне вучэбна-баявых задач. Мэтай праверкі з’яўляецца „ацэнка гатовасці і здольнасці асабістага складу да аператыўнага рэагавання на магчымае ўзнікненне крызісных сітуацый”. Адзначаецца, што падраздзяленні будуць дзейнічаць „на незнаёмых участках мясцовасці”, пры гэтым сітуацыя будзе хутка змяняцца. Падраздзяленні беларускага войска будуць правярацца на здольнасць „супрацьдзейнічаць ваенным пагрозам як на зямлі, так і ў паветры”.

У Мінабароны падкрэсліваюць, што мерапрыемствы, якія праводзяцца, „не ўяўляюць ніякай пагрозы ні для еўрапейскай супольнасці агулам, ні для суседніх краін у прыватнасці”.

У ранішняй зводцы Мінабароны Украіны адзначаецца, што „для праверкі гатовасці да выканання пастаўленых задач” адзін ракетны дывізіён 465-й ракетнай брыгады Узброеных сіл Беларусі „рухаецца з пункта пастаяннай дыслакацыі ў раён прызначэння”. Верагодна, асноўная частка праверкі будзе здзяйсняцца якраз на поўдні Беларусі — каля мяжы з Украінай.