Сяргей Антусевіч: Мы па-ранейшаму працуем не па законах рынкавай эканомікі



Кожны чацвёрты працоўны Гарадзенскай вобласці заняты не поўны працоўны тыдзень. Галоўныя прычыны адмоўнай сітуацыі – аптымізацыя колькасці персаналу і нездавальняючыя эканамічныя паказнікі заводаў. Істотна павялічылася і лічба беспрацоўных у рэгіёне. З пачатку году іх стала больш на паўтары тысячы чалавек. Цэнтры занятасці не валодаюць неабходнай колькасцю вакансій, што паводле намесніка старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Сяргея Антусевіча, адлюстроўвае агульную эканамічную сітуацыю ў краіне.

 – Працуе адміністрацыйна-камандная эканоміка, яна не змянілася, і 80% прадпрыемстваў – гэта тыя старыя дзяржаўныя прадпрыемствы, якія працуюць па нейкіх сваіх законах абсалютна нярынкавай эканомікі, прадукуюць прадукцыю, якая можа не прадавацца. Усё працуе ў такім ручным рэжыме, калі сам прэзідэнт прадае самазвалы, трактары, то пра што можна гаварыць.

Улады Гарадзенскай вобласці бачаць выхад са складанай сітуацыі ў арганізацыі новых працоўных месцаў. Аднак замежныя інвестары не спяшаюцца ўкладаць сродкі ў развіццё вытворчасці і будаўніцтва новых прамысловых прадпрыемстваў, а ўнутраных рэсурсаў не хапае на стабілізацыю эканомікі Прынёманскага рэгіёну.

Беларускае Радыё Рацыя