Аляксандр Кныровіч: На інвестыцыях у Беларусь можна ставіць крыж
Макраэканоміку Беларусі на фоне вайны ва Украіне і настроі бізнесу, які працягвае працаваць у краіне, абмеркавалі ўдзельнікі экспертнай дыскусіі платформы «Банк ідэй».
Кажа беларускі бізнесмен Аляксандр Кныровіч:
-Краіны Еўропы вельмі па-рознаму рэагуюць на санкцыі і сённяшнюю пазіцыю Беларусі. Калі ў сакавіку гэта было замалёўванне адным колерам разам з Расеяй, то ў красавіку пачаліся іншыя тэндэнцыі. Беларусь пачала ўспрымацца асобна ад Расеі. Літва, Польшча хочуць працаваць і па-рознаму адносяцца да сітуацыі ўнутры Беларусі. І аддзяляюць прадпрымальнікаў ад уласна рэжыму. Але ў іх больш асцярогі, тэма далёкай перспектывы зараз увогуле закрыта і пра інвестыці ў будучае.
Умовы, у якіх абдбываецца адаптацыя беларускага бізнэсу да санкцый, якія ўводзяцца на фоне вайны ва Ўкраіне, назваў эканаміст, старшы навуковы супрацоўнік BEROC Зміцер Крук:
-Зараз мае месца камбінаванае ўздзеянне не толькі на попыт, але і на прапанову. Мы ў супольнасці эканамістаў гаворым другі месяц, гэты крызіс небяспечны вельмі глыбокім падзеннем – менавіта механізм транспартны, лагістычны, устойлівасць вытворчых ланцужкоў, яны вельмі важныя з пункту гледжання наступстваў. Наколькі глыбока яны будуь пашкоджаны, гэта ў сваю чаргу накладвае адбітак на наступствы. Пакуль эканоміка знаходзіцца ў падвешаным стане. І далейшая каляіна яшчэ невядомая.
Паводле спікераў, ва ўмовах санкцый беларускай эканоміцы бліжэйшым часам можа пагражаць падзенне ВУП на 20% разам з паўнамаштабным фінансавым крызісам. Таксама чакаецца пастаянны рост цэнаў на спажывецкія тавары.
Беларускае Радыё Рацыя