Nova: беларуская кавярня ў грузінскім Батумі
Беларускі бізнэс пашыраецца ў грузінскім Батумі штодня. Літаральна днямі ў самым цэнтры на вуліцы Парнаваза 60 адкрылася спецыялізаваная беларуская кавярня NOVA.
Уладальніца кавярні Яна Пушкарова распавядае пра свой досвед адкрыцця беларускай кропкі ў Грузіі:
– У Менску была кавярня на Кастрычніцкай. Калі ўсё гэта пачалося, пачалася вайна, мы збіраліся спачатку ехаць у Краснадар і адкрываць там кавярню. Але ўсё гэта здарылася, і ехаць у Расеі ўжо не было ніякага жадання. Таму прыехалі сюды. Адразу пачалі шукаць памяшканне. Здаецца, гэта заняло тыдзень. Знайшлі гэтае памяшканне. Усё ўжо было зроблена, заставалася толькі купіць мэблю, прывезці абсталяванне. Усё прыехала з Беларусі, усё было сваё. Таму два-тры тыдні – і мы адкрыліся.
Па словах Яны, у Грузіі ёсць свая спецыфіка адкрыцця падобнага бізнесу:
– Юрыдычных пытанняў не было. Тут усё вельмі проста робіцца. Адкрылі юрыдычную асобу за адзін дзень. Былі праблемы з банкаўскім рахункам. Тры разы нам адмаўлялі ў ім. Але ўсё ж такі адкрылі. Моўных пытанняў ніякіх не было. Тут усе разумеюць па-руску, нават калі не хочуць на ёй размаўляць, але разумеюць.
Яна Пушкарова канстатуе, што асноўныя наведнікі – беларусы, гэта прыкладна 95%, але кавярню ўжо пачалі наведваць і людзі іншых нацыянальнасцяў, у тым ліку і самі грузіны.
Беларускае Радыё Рацыя