Беларусь змякчыла забарону для аўтаперавозчыкаў з Еўразвязу



У красавіку Беларусь у адказ на заходнія санкцыі амаль цалкам забараніла ўезд фур еўрапейскіх кампаній: ім дазваляецца ехаць толькі праз пэўныя пункты пропуску ў спецыяльна ўстаноўленыя месцы для перагрузкі і перачэпкі.

Новай пастановай пашыраецца пералік грузаў і транспартных сродкаў, якія не трапляюць пад забарону перамяшчэння праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў Беларусь аўтамабіляў (і цягачоў), зарэгістраваных у ЕЗ.

Як паведамляе Мінтранс Беларусі, цяпер пад забарону не падпадаюць:

– буйнагабарытныя грузы, для перавозкі якіх патрабуецца спецыяльны дазвол, калі, зыходзячы з тэхнічных характарыстык грузу і (або) тэхналагічных асаблівасцяў перавозкі, немагчымае іх накіраванне ў спецыяльна ўстаноўленыя месцы, а таксама транспартныя сродкі для перавозкі такога грузу пры ўмове ўзгаднення іх перамяшчэння Мінтрансам,

– транспартныя сродкі, якія перавозяцца на аўтавозах, і самі аўтавозы.

Пастанова набывае моц з дня яе прыняцця.

9 красавіка Еўразвяз забараніў аўтамабільныя грузаперавозкі, у т.л. транзітныя, для беларускіх і расейскіх кампаній. Забарона не датычыць шэрагу тавараў, такіх як фармацэўтычныя, медычныя, сельскагаспадарчыя і харчовыя, уключаючы пшаніцу, а таксама аўтамабільных перавозак у гуманітарных мэтах. Абмежаванні былі прынятыя «ў сувязі з сітуацыяй у Беларусі і датычнасцю Беларусі да расейскай агрэсіі супраць Украіны».

У адказ Беларусь забараніла ўезд фур еўрапейскіх кампаній.