Агляд прэсы: адназначныя асацыяцыі



Набліжаецца эканамічны крызіс Беларусі. Дзень 9 траўня і вайна ва Украіне. Якія перспектывы вайны ва Украіне пасля 9 траўня? Выбары ў Паўночнай Ірландыі: гістарычная перамога Шын. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы.

«Лукашэнкаўскі рэжым пашырае дзяржаўную ўладу над эканомікай, каб кіраваць санкцыйным ціскам. Аднак гэта можа мець адваротныя наступствы, і паколькі рэжым не жадае ўдзельнічаць у значнай геапалітычнай дээскалацыі з Захадам, усё, хутчэй за ўсё, пагоршыцца», – піша міжнароднае выданне bne IntelliNews.

«Выглядае на тое, што заходнія санкцыі, уведзеныя супраць Беларусі і Расеі ў апошнія два месяцы, удараць па Беларусі значна мацней, чым па Расеі, паколькі знешні попыт на беларускія прамежкавыя прадукты не такі высокі, як на расейскую сыравіну. Акрамя таго лукашэнкаўскі рэжым сам пагоршыць сітуацыю, бо ў мінулыя разы ён рэагаваў на папярэднія эканамічныя крызісы большым дзяржаўным кантролем над эканомікай, але не лібералізацыяй. Цяперашні пагражаючы эканамічны крызіс у Беларусі «беспрэцэдэнтны» тым, бо характарызуецца ў асноўным не дэвальвацыяй абменнага курсу і высокай інфляцыяй, а выкліканы стратай рэальнага сектару экспартных рынкаў, што прыводзіць да праблем з фінансавымі разлікамі. Многім беларускім прадпрыемствам бліжэйшым часам будзе цяжка пагасіць запазычанасць як перад замежнымі, так і ўнутранымі крэдыторамі, і рэжым Беларусі гэта ўсведамляе.

Беларусь ужо сутыкаецца з сур’ёзнымі праблемамі з выхадам на рынкі калійных угнаенняў у Бразіліі, Індыі, ЕЗ і, верагодна, таксама ў Кітаі з-за заходніх санкцый. Па чутках, тры з пяці шахтаў найбуйнейшага ў Беларусі вытворцы калійных угнаенняў «Беларуськалій» зачынены, кампанія нават брала крэдыты на выплату заробкаў. У сваім апошнім прагнозе Fitch Ratings мяркуе, што ўзаемасувязь эканомік Беларусі і Расеі ў гэтым годзе скароціцца на 8% з-за значнага падзення агульнай эканамічнай актыўнасці», – падсумоўвае міжнароднае выданне.

8 траўня ў шмат якіх краінах Еўропы адзначаюць дзень вызвалення ад нацыянал-сацыялізму і заканчэння Другой сусветнай вайны. У Расеі Дзень Перамогі над гітлераўскай Германіяй адзначаецца 9 мая – вялікім парадам на Краснай плошчы. Аднак сёлета «Дзень Перамогі» прайшоў на фоне развязанай Пуціным вайны супраць Украіны, якую ён цынічным чынам увязвае з гістарычнай датай у прапагандысцкіх мэтах.

«Святы, якія ладзяцца ў гэты дзень, сёння цалкам страцілі свой сэнс», – разважае нямецкі часопіс Der Spiegel.

«Ганьба вайны ва Украіне настолькі велізарная, што гэтая вайна непазбежна павінна прывесці да дэімперыялізацыі Расеі: яна вылекуе Расею ад яе імперскіх амбіцый. Расея развітаецца і са сваёй ганарлівай прэтэнзіяй на статус «выратавальніка свету ад нацызму». Святкаваць няма чаго, і гэта добра. Мы павінны пакінуць мінулыя войны ў гісторыі, а не рабіць выгляд, што яны з’яўляюцца часткай палітыкі сённяшняга дня», – заклікае нямецкае выданне.

Выступаючы ў Маскве на парадзе з нагоды Дня Перамогі, Пуцін не стаў ні афіцыйна аб’яўляць вайну Украіне, ні абвяшчаць усеагульную мабілізацыю.

«З ваеннага пункту гледжання гэты дзень нічога не зменіць», – адзначае ўкраінскае выданне  24tv.ua.

«Не думаем, што Пуцін абвясціў бы вайну Украіне 9 траўня. Па-першае, калі вайна будзе абвешчана, то гэта будзе прызнаннем таго, што так званая «спецаперацыя» імі прайграна, і патрабуецца большы ўдзел грамадзянскага насельніцтва, паколькі вайскоўцы Расеі правалілі задачу. Па-другое, лічым, што не будзе нічога новага. ВСУ трымае абарону і таксама пераходзіць у контрнаступленне на некалькіх напрамках. Пасля 9 траўня акупанты паспрабуюць актывізаваць паўднёвы кірунак, яны будуць і надалей абстрэльваць Украіну», – прагназуе ўкраінскае выданне.

Па выніках выбараў у Асамблею Паўночнай Ірландыі перамога ўпершыню дасталася рэспубліканскай партыі «Шын Фэйн», якая выступае за ўз’яднанне Ірландыі. Аднак, паводле Белфасцкай дамовы 1998 года, партыі давядзецца фармаваць урад разам з прабрытанскай Дэмакратычнай юніянісцкай партыяй. На думку СМІ, вынікі выбараў сведчаць аб тым, што выбарцы сказалі «не» даўняму расколу. Гішпанская газета El País тлумачыць зыход выбараў у тым ліку і слабасцю прабрытанскага лагера.

«Уніяністы самі вінаватыя ў сваёй сумнай долі. Яны падтрымалі брэксіт, які быў аспрэчаны пераважнай большасцю жыхароў Паўночнай Ірландыі. За адгаворкамі аб неабходнасці захавання пратакола па Паўночнай Ірландыі насамрэч хаваецца крызіс ідэнтычнасці ўніянісцкага руху. А вось партыя Шын Фэйн змагла адсунуць на другі план сваю асноўную дактрыну, а менавіта – уз’яднанне Ірландыі, і зрабіла ўпор на такіх праблемах, як рост кошту жыцця, жыллёвы крызіс і неабходнасць палітычнай стабільнасці. На гэтых выбарах партыя атрымала больш галасоў, чым на папярэдніх, аднак найважнейшым фактарам перамогі стаў раскол у табары яе гістарычных супернікаў», – адзначае гішпанскае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя