Сойм Літвы прызнаў Расею тэрарыстычнай дзяржавай
Сойм Літвы аднагалосна прагаласаваў за адпаведную рэзалюцыю – 128 галасоў, паведамляе delfi.lt. У ёй Сойм канстатаваў, што расейскія ўзброеныя сілы і найміты здзейснілі масавыя ваенныя злачынствы на тэрыторыі Украіны, асабліва ў гарадах Буча, Ірпень, Марыупаль, Барадзянка і Гастамель.
Згодна з дакументам, угледжваецца мэта поўнага або частковага знішчэння ўкраінскай нацыі, яе духу шляхам забойства яе членаў цэлымі сем’ямі, у тым ліку дзяцей, выкрадання іх, катаванняў, згвалтаванняў, у тым ліку і непаўналетніх, здзекаў з целаў забітых і закатаваных.
„Сойм Літвы прызнае поўнамаштабную ўзброеную агрэсію супраць Украіны з боку ўзброеных сіл Расейскай Федэрацыі і яе палітычнага і ваеннага кіраўніцтва, распачатую 24 лютага 2022 года, генацыдам украінскага народа”, – гаворыцца ў рэзалюцыі.
У ёй таксама падкрэсліваецца, што ўсе вінаватыя павінны быць прыцягнуты да адказнасці, і што міжнародная супольнасць павінна стварыць Спецыяльны міжнародны крымінальны трыбунал для расследавання і ацэнкі агрэсіі Расеі супраць суверэннай Украіны.
Фота: © Reuters / Scanpix