Ленура Мельгазіева: Мы ўдзячныя грузінскаму бізнесу



У грузінскім Батумі адбываецца акцыя, падчас якой украінскія, беларускія і грузінскія валанцёры выказваюць падзяку грузінскаму бізнесу за тое, што ён дапамагаў Украіне.

Пра акцыю распавядае адная з арганізатарак – Ленура Мельгазіева:

-Мы былі здзіўленыя, наколькі моцна бізнес у Грузіі падтрымаў Украіну і ўкраінскі народ. Мы хочам выказаць удзячнасць кожнай кампаніі, якая зараз дапамагае ўкраінцам і робіць свой унёсак у агульную перамогу над ворагам ва Украіне. З учарашняга дня пачалі абыходзіць кампаніі, якія дапамагаюць, і іх колькасць нават большая, чым мы думалі.

Валанцёрка з Каева Кацярына таксама далучылася да гэтай акцыі і лічыць гэта наканаваннем лёса:

-Кожны ўкраінец, знаходзячыся за мяжой, хоча прымаць удзел у тым, што можа дапамагчы хутчэй перамагчы зло. Я прыходжу на мітынгі, на акцыі і раблю тое, што можа дапамагчы ў дадзенай канкрэтнай сітуацыі. Я ахвярую, распаўсюджваю інфармацыю ў сацсетках, і зараз з’явілася магчымасць рабіць нешта фізічна, хачу далучыцца да валанцёрскай арганізацыі.

Падчас акцыі дзясяткі аптэкаў, медычных установаў, кавярняў і крамаў атрымалі адмысловыя налепкі, якія сведчаць пра тое, што ў гэтым месцы дапамагаюць Украіне і ўкраінцам.

Беларускае Радыё Рацыя