Беларуская дыяспара Канады дапамагае Украіне



Чаму тэма з вайной ва Украіне актуальная нават для беларускай дыяспары з далёкай Канады? Дзеля якіх мэтаў працуюць разам украінская і беларуска дыяспара? Ці стануць украінцы пасля перамогі дапамагаць беларусам і пры якіх умовах?

Над такімі тэмамі разважала наша сённяшняя Госця Рацыі старшыня Згуртавання Беларусаў Канады Алена Лявончанка ў гутарцы з Алісай Поль:

РР: Тэма з вайной для Вашай краіны. Ці гэта актуальна зараз? Калі так, то ў якім кантэксце яна гучыць у Канадзе?

– Так, тэма вайны ва Украіне цяпер вельмі актуальная ў Канадзе. Тут адна з самых вялікіх украінскіх дыяспар. Больш за мільён чалавек лічыць сябе украінцамі альбо маюць украінскае паходжанне. Вядома, гэта на ўсіх першых старонках газет, тэлебачанне я не гляджу, але думаю што там таксама. І ўсе мае украінскія сябры, якіх я ведаю, калі ў нас былі беларускія падзеі (рэд. Рэвалюцыя 2020), то некаторыя з іх падтрымлівалі нас, і прыходзілі на нашыя пікеты, але вядома, што цяпер ужо наадварот, мы ходзім на іх пікеты. І я бачу, што гэта тысячы, дзясяткі тысяч людзей, гэта заўсёды СМІ, гэта іншыя дыяспары. Дарэчы ў нас тут ёсць такое аб’яднанне дыяспараў – палякі, літоўцы, балты, чэхі – карацей усе ўсходнееўрапейскіыя краіны. Гэтая арганізацыя зараз таксама падтрымлівае ўкраінцаў усім, чым можа. Такая ж самая сітуацыя, як і ў Еўропе – дыяспары тут, і яны паводзяць сябе таксама, як і Еўрапейскія краіны, якія цалкам Украіну падтрымліваюць, усё робяць, каб пра гэта ведалі і казалі заходнія палітыкі.

РР: Уласна Вы як зараз уключаныя у такую падтрымку Украіны?

– Пачнем з таго, што я і не спыняла падтрымку Беларусі. Я старшыня згуртавання беларусаў Канады – гэта старэйшая арганізацыя беларусаў у гэтай краіне, ад 1948 года. Зараз мы рабілі ўсё, што маглі- збіралі грошы, пісалі паштоўкі, рабілі івенты, каб людзі збіраліся, размаўлялі, паказвалі фільмы, рабілі мастацкія імпрэзы. Усё тое ж самае мы працягваем рабіць, але з фокусам на Украіну. На гэтых выходных будзе адбывацца дабрачынны канцэрт з беларускай музыкай. Усе сродкі будуць перададзеныя аднаму з украінскіх фондаў.

Цалкам размову слухайце ў далучаным файле:

Алена Лявончанка дадала, што па розных падліках на цяперашні момант у Канадзе ў акцыях салідарнасці з Украінай прымае ўдзел ад сотні да некалькіх соцень беларусаў.

Беларускае Радыё Рацыя