Малавядомыя факты з беларуска-індзейскіх узаемаадносінаў



Вельмі даўняй ідэяй беларускіх індзеяністаў з’яўляецца анталогія „Індзейцы вачыма беларусаў”(ІВБ). Свежы нумар “Нашага слова. pdf” распачаў друкаваць першыя спробы ў гэтым накірунку, спалучаючы тэксты для гэтай анталогіі і з „Беларуска-індзейскай энцыклапедыі” (БІЭ), якія падрыхтаваў Алесь Сімакоў, даследчык беларуска-індзейскіх сувязей. Таму вельмі цікава даведацца пра ўзаемаадносіны беларусаў і індзейцаў.

untitled

Напрыклад, як піша “Наша слова”, Алесь Адамовіч у публікацыі ў лістападзе 1992 года размовы з карэспандэнтам „Аргументов и фактов” расказаў пра тое, што яго і яго спадарожнікаў у час паездкі па Канадзе павезлі да індзейцаў у рэзервацыю. Убачанае на ўласныя вочы ён сфармуляваў парадаксальным чынам: „Калі гаварыць пра матэрыяльны бок, яны там у рэзервацыі жывуць дай бог кожнаму, як у нас гавораць. Але што мяне ўразіла: яны пазбаўлены многіх правоў, якія маюць канадцы. Не таму што індзейцы, не таму, што ізгоі, іншае племя, а таму, што яны не могуць жыць па агульных для ўсіх законах жыцця, самі за сябе адказваць: самі сябе лячыць, вучыць, карміць. Яны на ўтрыманні дзяржавы”. Гэта своеасаблівае нявольніцтва выклікала ў яго „аналогію” з савецкай сістэмай, пры якой дзяржава клапацілася пра людзей, але пазбаўляла іх свабоды… Больш падрабязна пра ўзаемаадносіны беларусаў і індзейцаў чытачы прачытаюць у “Нашым слове”.

Электроннае выданне працягвае таксама друкаваць успаміны і разважанні генерала Люцыяна Жалігоўскага пра вайну 1920 года, пра прэзентацыю ў Менску кнігі Інгі Вінарскай “Гучы, маё сэрца, гучы…”, пра загаванне гістарычнай памяці вучнямі Лідскай сярэдняй школы № 11 і іншыя цікавыя матэрыялы.

Беларускае Радыё Рацыя