Агляд прэсы: патрэбныя перспектывы
Беларусь гатова да будаўніцтва другога блока ў Астраўцы. Украіна: ці можа ЕЗ дабіцца аднаўлення перамоваў? Украіна перакрыла ветку газаправода. Джонсан абяцае бяспеку кандыдатам на ўступленне ў НАТО. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк паведаміў, што работы на другім блоку першай у краіне АЭС ідуць у адпаведнасці з графікам, і паведаміў, што мэтазгоднасць будаўніцтва другой АЭС у краіне працягваецца», – піша міжнароднае выданне World Nuclear News.
«На першай ў Беларусі АЭС другі энергаблок знаходзіцца на стадыі ўводу ў эксплуатацыю. Як паведамілі ў Мінэнэрга, у пытанні бяспекі гэта «безумоўны прыярытэт, галоўнае патрабаванне кіраўніка дзяржавы. Гэта забяспечваецца трыма асноўнымі элементамі: сучасныя тэхналогіі; якасць выканання работ; высокакваліфікаваны персанал». Першы энергаблок беларускай АЭС быў падключаны да сеткі ў лістападзе 2020 года, і, паводле Мінэнерга, да моманту ўводу ў красавіку планавага тэхнічнага абслугоўвання ён выпрацаваў 9,3 ТВт-гадз электраэнергіі. Пасля ўводу ў эксплуатацыю абодвух блокаў – расейскіх рэактараў ВВЭР-1200 – станцыя будзе выпрацоўваць каля 18,5 ТВт-гадз электраэнергіі ў год, што эквівалентна 4,5 мільярда кубаметраў прыроднага газу, з гадавым уплывам на эканоміку краіны каля 550 мільёнаў даляраў. Літва па-ранейшаму выступае супраць Астравецкай АЭС, якая знаходзіцца недалёка ад мяжы з Беларуссю, менш чым за 50 кіламетраў ад сталіцы Вільні», – паведамляе міжнароднае выданне.
У той час як вайна Расеі супраць Украіны усё больш узмацняецца, Еўразвяз нарошчвае дыпламатычныя намаганні: вядучыя палітыкі адзін за адным прыязджаюць з візітам у Кіеў. Канцлер ФРГ Шольц і прэзідэнт Францыі Макрон спрабуюць паспрыяць найхутчэйшаму дасягненню перамір’я як асновы для вядзення перамоваў паміж абодвума бакамі. Еўрапейская прэса разважае аб тым, якія яшчэ крокі, акрамя паставак зброі, маглі б наблізіць мірнае рашэнне.
Італьянская газета La Stampa ускладае надзеі на ЕЗ як на пасярэдніка ў перамовах.
«Першай неабходнай асновай для новага старту з’яўляецца дасягненне спынення агню. Партнёрам для перамоваў, які ўяўляецца найбольш надзейным на гэтым этапе, з’яўляецца ўжо не Турцыя Эрдагана, а Еўразвяз. Такім чынам, калі выказаць здагадку, што падзеі найбліжэйшых дзён дапамогуць павысіць аўтарытэт Еўрапейскага Звяза як магчымага пасярэдніка, то якімі тады павінны быць перамовы? Менавіта на гэтым і засяродзілася зараз еўрапейская дыпламатыя, і перш за ўсё тая, што дзейнічае паміж Кіевам і рознымі сусветнымі сталіцамі, а менавіта на стварэнні «дарожнай карты», у якой спыненне агню стаіць на першым месцы», – адзначае італьянскае выданне.
Украіна перакрыла адну з ветак трубаправода, па якім у Еўропу паступае расейскі газ. Тым самым Газпром пазбаўляецца траціны транзітных магутнасцяў ва Украіне. Прычынай такога рашэння ўкраінскіх уладаў стала страта кантролю над Луганскай вобласцю і кампрэсарнай станцыяй, якая знаходзіцца там. У сувязі з гэтым у еўрапейскай прэсе з новай сілай разгарэліся дыскусіі аб неабходнасці пераадолення энергетычнай залежнасці ад Расеі і пераходу на альтэрнатыўныя крыніцы энергіі.
«Вайна – гэта нагода паскорыць перабудову інфраструктуры», – піша польская газета Polityka.
«Еўропа атрымала выразны сігнал аб тым, што залежнасць ад выкапняў энерганосьбітаў – на шкоду не толькі клімату, але і стратэгічнай бяспецы. Проста памяняць пастаўшчыка – недастаткова, паколькі такі важны артыкул імпарту, як энерганосьбіты, заўсёды будзе ўяўляць сабой стратэгічныя рызыкі. Адзінае разумнае рашэнне – гэта энергетычная аўтаркія, а яна дасягаецца за кошт выкарыстання вольных ад эмісіі тэхналогій», – падкрэслівае польскае выданне.
Вялікабрытанія паабяцала Фінляндыі і Швецыі ваенныя гарантыі на выпадак нападзення з боку Расеі. Такім чынам прэм’ер-міністр Борыс Джонсан адрэагаваў на асцярогі Хельсінкі з прычыны рашэння краіны аб уступленні ў НАТО і магчымай рэакцыі на гэта Расеі. Еўрапейскія аглядальнікі дзеляцца сваімі меркаваннямі.
«Тое, што Лондан традыцыйна праводзіць больш жорсткі курс у адносінах да Масквы, чым Хельсінкі, у дадзены момант Фінляндыі толькі на руку», – лічыць фінская газета Helsingin Sanomat.
«Вялікабрытанія ўзяла на сябе цэнтральную ролю ў тым, каб данесці да Расеі наступны пасыл: НАТО не дапусціць стварэння перашкод у працэсе прыняцця ў свае шэрагі новых краін-кандыдатаў. У Вялікабрытаніі складаныя адносіны з Расеяй. А вось Фінляндыя і ў рамках НАТО паспрабуе дабіцца таго, каб каналы сувязі з Расеяй заставаліся як мага больш адкрытымі. І гэта ці наўрад прывядзе да сур’ёзных разыходжанняў. У наш час цвёрдая лінія Джонсана ў стаўленні Расеі для Фінляндыі вельмі дарэчы», – падкрэслівае фінскае выданне.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.
Беларускае Радыё Рацыя