Анхела Эспіноса Руіс: Займацца беларушчынай у Польшчы сёння не зусім камфортна



Паэтка з Гішпаніі, якая піша вершы па-беларуску, Анхела Эспіноса Руіс вядомая як прапагандыст беларускай мовы і культуры. З мінулага году яна выкладае ў Варшаўскім універсітэце, у тым ліку і беларускую мову.

«Але апошнім часам займацца беларушчынай у Польшчы робіцца не зусім камфортна», – кажа Анхела.

– Цяпер цяжка, бо неадназначна людзі сталі ставіцца да Беларусі. На жаль, цяпер мы выступаем, не хачу сказаць, што ўсё так адназначна, але ёсць дзве Беларусі, адна – гэта агрэсар супраць Украіны. І калі людзі пасля 2020 года былі вельмі салідарныя да Беларусі, то цяпер асцярожнічаюць.

Анхела чула пра некаторыя выпадкі дыскрымінацыі беларусаў у Польшчы па палітычных матывах, але сама з гэтым не сутыкалася.

– Некаторыя мае сябры, знаёмыя кажуць, што сустракаліся з дыскрымінацыяй. Я пакуль не бачыла непасрэдна такіх выпадкаў на кафедры. І мой нарачоны, які беларус, таксама з такім не сустракаўся. Наадварот, з салідарнасцю. Але гэта праўда, што цяпер ставяцца больш крытычна да Беларусі, як да краіны, як да людзей.

Аднак Анхела не спыняе сваю дзейнасць. Яна рыхтуе анталогію сучаснай беларускай паэзіі ў перакладах на гішпансую мову. Даследуе беларускую літаратуру і асобных літаратараў. Публічна выступае на розных імпрэзах, а таксама на курсах «Мова Нанова», якія апошнім часам з’явіліся ў розных гарадах Польшчы.

Беларускае Радыё Рацыя