Баскетбалісты „Цмокi-Мінск” 14-ы раз запар сталі чэмпіёнамі Беларусі
У трэцім паядынку фінальнай серыі за золата 30-га нацыянальнага першынства падначаленыя Расціслава Вергуна абыгралі на пляцоўцы сталічнага Палаца спорту магілёўскі „Барысфен” з лікам 81:75. Да гэтага ў двух матчах на паркеце магілёўскага спарткомплексу „Алімпіец” менчане таксама сустрэлі ўпарты супраціў з боку каманды Андрэя Крываноса, але ўсё ж былі мацнейшыя – 84:72 і 64:59.
Серыя за бронзавыя ўзнагароды працягваецца. У Віцебску ў трэцім матчы баскетбалісты „Рубона” абыгралі „Гродна-93” – 86:79. У дзвюх сустрэчах у Гародні каманды абмяняліся перамогамі.
БАТЭ згуляў унічыю з футбалістамі „Тарпеда-БелАЗа” ў чэмпіянаце Беларусі
Лідар футбольнага чэмпіянату Беларусі барысаўскі БАТЭ не змог перамагчы „Тарпеда-БелАЗ” у гасцявым матчы 8-га тура – 0:0.
У стартавым паядынку 8-га тура футбалісты „Віцебску” на сваім полі згулялі ўнічыю з „Гомелем” – 1:1.
Сёння, 14 траўня, у цэнтральным матчы гэтага тура дзейны чэмпіён краіны салігорскі „Шахцёр” сустрэнецца на хатняй арэне з бронзавым прызёрам мінулага першынства менскім „Дынама”.
Аўтагол Паздана забраў у «Ягі» перамогу над «Легіяй»
У чарговым матчы польскай футбольнай экстракласы беластоцкая «Ягелонія» на хатняй арэне ў Беластоку не змагла ўтрымаць перамогу над варшаўскай «Легіяй». На гол Пуэрта з кутавога на 48-й хвіліне матчу адказаў Пекхарт на 70-й, Імаз праз 6 хвілін дакладным ударам з пенальці зноў вывеў «Ягу» наперад. Калі здавалася, што футбалісты Пятра Новака адолеюць дзеючых чэмпіёнаў Польшчы, на 85-й хвіліне Міхал Паздан у другой хатняй гульні запар забіў аўтагол. Што яшчэ горш, пры гэтым былы гулец зборнай Польшчы атрымаў траўму.
Завершаны другі дзень адкрытага чэмпіянату Беларусі па веласпорце на трэку
Завершаны другі дзень адкрытага чэмпіянату Беларусі па веласпорце, які праходзіць на трэку веладрома „Мінск-Арэна”.
Перамогу ў скрэтчы ў мужчын святкаваў Яўген Каралёк, які прадстаўляе Гарадзенскую вобласць. Чэмпіён быў вызначаны толькі па фотафінішы – беларус выйграў усяго некалькі сантыметраў у Дзяніса Дзянісава і Сяргея Растоўцава з Расеі. У жаночым скрэтчы ўвесь пастамент занялі расейскія веласіпедысткі.
У камандным спрынце ў жанчын трэці вынік паказалі спартоўкі з Берасцейскага рэгіёну. Два верхнія радкі занялі расейскія дзяўчаты, таксама за веласіпедыстамі з Расеі застаўся ўвесь подыум у мужчынскім камандным спрынце.
Адкрыты чэмпіянат Беларусі па веласпорце на трэку завершыцца 15 траўня.
Беларускае Радыё Рацыя