Віктар Сазонаў: У гэтым рамане мне важна было паглядзець на мінулыя падзеі вачамі таго часу



Размова з сёлетнім лаўрэатам літаратурнай прэміі „Гліняны Вялес”, гарадзенскім празаікам Віктарам Сазонавым.

РР: Для мяне гэтая прэмія за «Генетычны алфавіт» не была неспадзяванкай. Калі я прачытаў гэтую кнігу, а потым яшчэ і перачытваў, першае, што мяне захапіла, – мова. Прымаўкі, выразы, параўнанні, метафары, яны «косць ад косці» беларускія. У тваім слове, як у люстэрку, адлюстроўваецца беларускі характар, беларускі менталітэт. Такое не вывучыш з падручніка. Твае пачаткі беларускай мовай, якія яны былі?

Віктар Сазонаў: Беларуская мова для мяне натуральная. Таму што я народжаны ў Гальшанах. І там людзі размаўлялі па-беларуску калі я рос. І як пайшоў у войска, усе здалёк па маёй рускай мове маглі вызначыць, што я беларус. І нават заходні беларус. І школа была беларускамоўная. Гэта было вельмі натуральна. І я чуў тую мову ад дзядоў, ад бабуляў сваіх, якія вельмі часта са мной размаўлялі, як і было прынята ў традыцыйных беларускіх сем’ях, прыходзілі і гаварылі з унукамі. І яна абсалютна для мяне натуральная, гэтая мова, і засталася такой, якую я яе чуў. І хацелася і ў гэтым рамане адлюстраваць мову таго часу. І глядзець на падзеі вачамі таго часу. Гэта была галоўная задача, каб не вачамі сённяшімі ўглядацца ў падзеі, а вачамі менавіта таго часу і гаварыць мовай таго часу.

РР: Калі я чытаў «Генетычны алфавіт», прыходзіла такое на думку: вось у нармальнай краіне, у нармальнай дзяржаве, якая з пашанай адносіцца да сваёй мовы, гэтая кніга павінна быць абавязковай у беларускай школе. Бо з яе можна вывучаць жывую мову, мову, якую ўжо не пачуеш на менскай вуліцы, і думаю, што не толькі на менскай.

Віктар Сазонаў: Я быў бы не супраць. Толькі цешыўся б з гэтага.

РР: «Генетычны алфавіт» пісаўся яшчэ да пачатку расейскай агрэсіі ва Украіне, а калі б ты пісаў гэтую кнігу сёння, яна была б такая, ці іншая?

Віктар Сазонаў: Думаю, што яна была б такая, таму што, як я ўжо сказаў, хацелася на падзеі глядзець не сённяшнімі вачамі, а вачамі таго часу. На 70-ыя гады – вачамі 70-х гадоў. На 90-ыя гады – вачамі 90-ых гадоў. І мне здаецца, што ў гэтым мне вельмі дапамог мой рэдактар Яўген Вапа, з якім мы шчыльна працавалі. Таму мне здаецца, што гэты раман, які адразу задумваўся як першая частка, таму што як мінімум хочацца зрабіць яшчэ дзве. У трэцяй частцы будуць менавіта падзеі сённяшняга дня. І вельмі важна будзе глянуць на гэтыя падзеі вачамі сённяшняга дня. Таму, я думаю, што менавіта так і было б, як зараз.

Цалкам размова:

Размаўляў Міхась Андрасюк, Беларускае Радыё Рацыя