Актывістку руху „Маці-328” асудзілі на 4 гады „хіміі”



Актывістку руху „Маці-328” Марыну Кісялевіч асудзілі на 4 гады „хіміі”.

Марына Кісялевіч. Фота: Новы Час

Такое рашэнне вынес суд Кастрычніцкага раёну Менску ў асобе суддзі Аляксандра Рудэнкі. Кісялевіч судзілі па так званым даносе неабыякавага грамадзяніна. Данос датычыў допісаў у сацсетцы „Укантакце”.

Жанчыну абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі ды паклёпе на Лукашэнку, перадае ПЦ „Вясна”. Вядома, што пад вартай Марыну Кісялевіч утрымлівалі 4,5 месяцы. У турме яе змяшчалі ў карцар за нязгоду з пастаноўкай на ўлік як „схільную да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці”, яна абвяшчала галадоўку.

Раней яна напісала заяву на сілавікоў за давядзенне да самагубства. Сына Марыны асудзілі ў 2017 годзе да 13 гадоў калоніі.