Расстралялі за любоў да беларускага тэатра
15 траўня споўнілася 140 гадоў з дня нараджэння народнага артыста Беларусі, драматурга, рэжысёра, мастака Уладзіслава Галубка (1882-1937).
Уладзіслаў Галубок (сапраўднае прозвішча Голуб) нарадзіўся 15 мая 1882 года на станцыі Лясная пад Баранавічамі ў сям’і чыгуначніка. Дзяцінства і юнацтва прайшлі ў Менску, дзе бацька працаваў слесарам дэпо. Бацька, Іосіф Тамашавіч Голуб, адрозніваўся свабодалюбівымі поглядамі, рана загінуў, засталіся шасцёра дзяцей. Уладзіславу, які быў старшым, давялося рана пачаць працаваць: з трынаццаці гадоў — грузчыкам на чыгунцы, прыказчыкам ў краме, слесарам у дэпо. У 1906 годзе ён здаў экстэрнам экзамены за курс гарадскога вучылішча.
У чатырнаццаць гадоў Уладзіслаў Галубок упершыню трапіў на тэатральнае прадстаўленне і вырашыў стаць акцёрам. Маючы нястомную энергію, ён вучыўся ўсяму, што толькі можна. Іграў на розных музычных інструментах у добраахвотным пажарным таварыстве, браў урокі жывапісу ў менскіх мастакоў. А ў 1906 годзе ў газеце «Наша Ніва» былі апублікаваны першыя паэтычныя радкі і апавяданне «Апошняя сустрэча» Уладзіслава Галубка.
Апавяданні, якія публікаваліся, ён стаў падпісваць пяшчотным імем Галубок, так яно за ім і засталося. Стварыў чатыры дзясяткі п’ес з жыцця беларускага народа, сярод якіх – меладрамы, камедыі, фарсы, вадэвілі. У 1913 годзе ў пецярбургскім выдавецтве Антона Грыневіча выйшаў першы зборнік «Апавяданні» Уладзіслава Галубка.
Але маладога чалавека нястрымна вабіў тэатр. Восенню 1917 года ў Менску ствараецца «Першае таварыства беларускай драмы і камедыі», куды Уладзіслаў Галубок і з’яўляецца з усёй сваёй сям’ёй і некалькімі сябрамі. Ён актыўна ўключаецца ў дзейнасць тэатра. Піша першыя тры п’есы і ставіць іх, пры гэтым яшчэ і па-мастацку афармляе.
У 1920 годзе адкрыўся Беларускі Дзяржаўны Тэатр. У яго ўвайшла і ўся трупа Уладзіслава Галубка, якая славілася пастаноўкамі вадэвіляў з музыкай і танцамі. У трупе рабіла свае першыя крокі на сцэне адна з славутых беларускіх артыстак Стэфанія Станюта. Музычнай часткай кіраваў Нестар Сакалоўскі — аўтар музыкi Дзяржаўнага гімна БССР, а на скрыпцы іграў Міхаіл Лучанок, бацька кампазітара Ігара Лучанка.
У гэты час Уладзіславу Галубку прапанавалі стварыць і ўзначаліць асобную трупу вандроўнага тэатра. Трупа была невялікая — некалькі сяброў, жонка Ядзвіга і тры дачкі, для якіх пісаліся дзіцячыя ролі. Тэатр Уладзіслава Галубка аб’ездзіў усю Беларусь, яго ведалі і любілі за зыркасць і самабытнасць, гумар і музыку, за сапраўды народны каларыт.
20 снежня 1928 года Уладзіславу Галубку было прысвоена званне народнага артыста БССР. Ён стаў трэцім народным дзеячам, пасля народных паэтаў Янкі Купалы і Якуба Коласа, першым народным артыстам Беларусі.
У пачатку 1930-х у вышэйшых эшалонах улады ўзнікла адчуванне «галавакружэння ад поспехаў», што дыялектычна непазбежна прыводзіла да «ўзмацнення класавай барацьбы», а мастакі, як «адказныя палітработнікі», павінны былі быць на пярэднім краі. У 1933 годзе Беларускі драматычны тэатр-3 перадыслацыравалі ў Гомель. А ў 1937 годзе БДТ-3 расфарміравалі. Пасля гэтага ў жніўня 1937 года Уладзіслаў Галубок быў абвінавачаны ў нацыяналізме і арыштаваны. Пры вобыску забралі ўсе рукапісы, тэатральны рэквізіт, дэкарацыі, малюнкі. Пацярпела ўся яго сям’я. Дачку Багуславу адправілі ў калгас «перавыхоўвацца», малодшых сыноў выключылі з камсамола як дзяцей «ворага народа»…
Уладзіслаў Галубок быў расстраляны 28 верасня 1937 года. Вярхоўным судом БССР пасмяротна рэабілітаваны 26 жніўня 1957 года.
Сёння яго імем названы вуліцы ў Менску i ў Баранавічах. А 26 жніўня 1990 года на радзіме ў вёсцы Лясная адкрыты памятны знак.
Беларускае Радыё Рацыя