Агляд прэсы: загнаць у кут



Жах ад таго, што Лукашэнка загадвае першай хвалі беларускіх войскаў накіравацца да мяжы Украіны. Украіна: якія шанцы на аднаўленне перамоваў? Уступленне ў NATO: якія маюцца перашкоды? Францыя: чаго вартыя новыя планы Макрона па абароне клімату? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

„Беларускія войскі разгорнуты ўздоўж мяжы краіны з Украінай – пацвердзіла ваенная выведка Вялікабрытаніі. Дагэтуль Лукашэнка, хоць і падтрымліваў Уладзіміра Пуціна, аднак не рашаўся ўключыць беларускія войскі для ўварвання ў суседнюю Украіну. Прынамсі напачатку сакавіка Лукашэнка заявіў, што Беларусь ні ў якім разе не будзе ўцягвацца ў вайну”, – піша брытанская газета The Express.

«Беларусь ужо выкарыстоўвалася як пазіцыя, з якой расейскія войскі пачалі першапачатковы націск на ўкраінскія гарады Чарнігаў і Кіеў. Аднак зараз паводле ваеннага паведамлення Міністэрства абароны Вялікабрытаніі, справаздачы выведкі паказваюць, што Беларусь цяпер разгарнула «сілы спецыяльных аперацый уздоўж мяжы з Украінай, а таксама падраздзяленні супрацьпаветранай абароны, артылерыі і ракетныя падраздзяленні на палігонах на захадзе краіны». Мяркуецца, што войскі размяшчаюцца там для «выпраўлення» ўкраінскіх сіл, што азначае, што яны «не могуць разгортвацца для падтрымкі аперацый на Данбасе».

Міністэрства абароны прагназавала, што гэты крок з’яўляецца крокам Лукашэнкі, каб прадухіліць ціск з усіх бакоў.

Ён таксама, верагодна, разглядае магчымае іншадумства ў вайсковых шэрагах Беларусі і пагрозу адплаты з боку Украіны. І адбылося гэта адразу пасля таго, як прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка заявіў, што санкцыі Захаду, уведзеныя супраць краіны ў сувязі з уварваннем ва Украіну, заблакавалі гадавы экспарт Беларусі ў заходнія краіны на суму ад 16 да 18 мільярдаў даляраў. Беларусь ужо трапіла пад санкцыі пасля шырока спрэчных выбараў і масавых пратэстаў у 2020 годзе, калі Лукашэнка ўтрымаў уладу пры дапамозе Пуціна», – адзначае брытанскае выданне.

У мінулую пятніцу – упершыню пасля расейскага ўварвання ва Украіну – адбылася тэлефонная размова паміж міністрам абароны ЗША Осцінам і кіраўніком расейскага абароннага ведамства Шайгу. Еўразвяз таксама прыкладае дыпламатычныя намаганні: вядучыя палітыкі Еўропы прыязджаюць з візітам у Кіеў, канцлер ФРГ Шольц і прэзідэнт Францыі Макрон спрабуюць садзейнічаць больш хуткаму дасягненню перамір’я як асновы для вядзення перагавораў паміж абодвума бакамі. Ці прынясуць гэтыя намаганні плён ужо ў хуткім часе? Аглядальнікі настроены скептычна.

«З-за таго, што кожны з бакоў разлічвае на перамогу, канфлікт можа зацягнуцца», – такое меркаванне выказвае славацкая газета Új Szó.

«Час – важны фактар для абодвух бакоў. Наступныя некалькі месяцаў пакажуць, хто можа лепей выкарыстаць гэты час у сваіх інтарэсах. Зыход сутычкі ўсё яшчэ невыразны, і менавіта ў сілу адкрытых магчымасцяў абодва супрацьлеглыя бакі зацікаўлены ў працягу канфлікту. Абодва могуць спадзявацца на тое, што ім удасца перацягнуць поспех на свой бок. Так што не варта чакаць, што гэтае лета прынясе мір», – падсумоўвае славацкае выданне.

Услед за фінскім урадам на карысць уступлення ў NATO выказалася і кіруючая Сацыял-дэмакратычная працоўная партыя Швецыі. У панядзелак, дыскусіі аб далучэнні да альянсу прайшлі ў парламентах абедзвюх краін. Масква назвала гэтыя планы «памылкай» і прыгразіла мерамі ў адказ. Некаторыя сумневы ў мэтазгоднасці прыняцця Фінляндыі і Швецыі ў альянс прагучалі з боку Турцыі.

«Шведскім левым варта звыкнуцца з той думкай, што краіна адназначна разгортваецца ў бок Захаду», – адзначае шведская газета Expressen.

“Швецыя ніколі больш не будзе займаць трэцяе месца паміж Усходам і Захадам. Мы больш не зможам весці падвойную гульню, у рамках якой мы ўпотай ажыццяўляем ваеннае супрацоўніцтва з ЗША, і ў той жа самы час адчыняем шлюзы антыамерыканізму ў нашай рыторыцы. Мы станем заходняй краінай, як сталі іншыя краіны. Усё гэта левыя будуць горка аплакваць гэтай вясной, але для многіх з нас гэта, наадварот, стане крыніцай непрыхаванай радасці!», – адзначае шведскае выданне.

Прадстаўляючы сваю праграму на другі прэзідэнцкі тэрмін, Эманюэль Макрон паабяцаў ажыццяўленне «экалагічнага планавання». Так, адказнасць за нарошчванне намаганняў, якія прымае Францыя ў справе барацьбы са змяненнем клімату, зараз будзе ўскладзена ні многа ні мала на кіраўніка ўраду. Ідэя, па гіроніі лёсу ўпершыню выказаная левым папулістам і супернікам Макрона на выбарах Жанам-Люкам Меланшонам, стала прадметам шырокай дыскусіі ў прэсе.

Французская газета Libération мяркуе, што абвешчаны кліматычны парадак дня павінен мець на ўвазе канкрэтныя і амбіцыйныя меры.

«Якім жа мусіць быць план дзеянняў? Гэта і ёсць найважнейшае і самае надзённае пытанне, бо, як паказвае апошні даклад Міжурадавай групы экспертаў па змене клімату, прамаруджванне – падобна да смерці. Апроч рашэнняў аб кадравых прызначэннях, прамоў і метадаў, менавіта пастаўленыя мэты будуць вызначаць, добры вызначаны план, ці ж не. Францыя не можа пайсці толькі на мінімальныя змены. Калі б уся планета жыла так, як Францыя, то ўсе рэсурсы Зямлі былі б вычарпаны да 5 траўня гэтага года! Нагадаем, што ў глабальным маштабе так званы Сусветны дзень экалагічнага доўгу надыходзіць значна пазней – у канцы ліпеня. Так што план проста не мае права аказацца аніякім!», – піша французскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя