Пра адзіны дзень працы новай кнігарні



“А я вам сейчас пакажу”, як у Беларусі падтрымліваюць беларускія выдавецтвы. Не паспела адкрыцца кнігарня “Кнігаўка”, як туды прыйшлі з ператрусам. Дакладней, спачатку было так: выдавецтва “Янушкевіч” выселілі з арандаванага офіса за тры дні. А яшчэ перад гэтым рахункі выдавецтва заблакавалі на пяць месяцаў. І вось пасля ўсіх гэтых складанасцяў выдавецтва вырашыла адкрыць новую кнігарню. Аднак не прайшло і дня, як у кнігарню прыйшлі з ператрусам. Што тут сказаць: проста выдатная падтрымка выдавецтваў, якія выдаюць літаратуру на беларускай мове.

Адкрыццё выставы распачалося з наведвання кнігарні прапагандыстамі. Не ведаю, калі яны апошні раз чыталі добрую літаратуру на беларускай мове. Калі сыходзіць з іхняй нянавісці да ўсяго беларускага, то, відаць, вельмі даўно. А, можа, і ніколі. Распачалося з таго, што прапагандысты прычапілася ўвогуле да адкрыцця кнігарні выдавецтвам “Янушкевіч”. Баяцца прапагандысты, што паўтарыцца 2020-ы год. А на самім адкрыцці не спадабалася ім кніга “Радзівілы”. Ну, што спыняцца на дасягнутым! Закрыйце ўжо тады Нясвіжскі палац, раз Радзівілы не падабаюцца. Яшчэ прапагандыстам не спадабалася кніга на англійскай мове. Сапраўды, чаго гэта беларусам па-англійску чытаць. Увогуле трэба гэтую мову забараніць у школах. А тое начытаюцца кніг на англійскай мове, а потым хочуць, як у Еўропах жыць. А ўвогуле кнігарню, якая прапрацавала толькі дзень, вельмі шкада: добрыя і густоўныя кнігі ў выдавецтва “Янушкевіч”.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ