Знакі сяброўства



Вандруючы па Бялградзе ў пошуках новых месцаў і людзей, пачалі заўважаць сімвалы ці проста знакі, звязаныя з Расеяй. Назвалі мы іх знакамі сяброўства.  Чаму? Зараз усё стане зразумелым.

У міжнародных адносінах Расея пазіцыянуе Сербію як дзяржаву-сябоўку, а для Сербіі гэта безумоўна магутны саюзнік, якіх увогуле ў сербаў няшмат, улічваючы тое, што не так даўно, у 1999 годзе, НАТА правяло бамбардзіроўкі Сербіі, між іншым, каб прымусіць сербаў адступіць з Косава. А складана сябраваць з нападнікам.

Супраць дзеянняў НАТА выступала Расея, якая па сёння не прызнала незалежнасці Косава, дарэчы, як і Беларусь ды некаторыя краіны Еўразвязу. Гэта для сербаў важная прычына, па якой лічаць Расею і расейцаў сябрамi.

kiosk z suvinirami

На мурах Бялграду можна сустрэць між іншым налепкі, якія гавораць пра сербска-расейскі саюз, друкаваныя сербскімі нацыянальнымі кансерватыстамі. Прызнакі сяброўства ў прасторы сталіцы Сербіі можам сустрэць у некалькіх месцах. Сімвалы Расейскай федэрацыі паяўляюцца ў сувенірнай прадукцыі. Можам купіць, напрыклад, майкі з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуцінам, да выбару: ў чорных акулярах, у мундзіры ці ў касцюме. Некаторыя падпісаныя: Kosovo je Srbija, Krim je Rusija.  Пераклад тут непатрэбны. Падобныя надпісы знойдзем на парканах і мурах, маляваныя фарбай, не толькі ў Бялградзе.

Пра сербска-расейскі саюз, сяброўства ці прыхільнасць сведчыць не толькі ўзгаданая раней сувенірная прадукцыя ці «вулічнае мастацтва». Уязджаем у Бялград аўтастрадай з боку Новага Саду. Вітае нас білборд з дзвума сцягамі-блізнюкамі. Ды лозунг: Партнэрства для будучыні… і тут лагатып расейскай кампаніі Газпром. Мэсэдж рэкламы зразумела мае падвойны сэнс, больш чым на камерцыйны поспех, пастаўлены на замацоўванне блізкасці дзяржаў, што асабліва патрэбнае Расеі з моманту далучэння Крыму. Сербія таксама бачыць у тым свой інтарэс, асабліва палітычны, датычны Косава, якога шмат хто ў Сербіі не палічыў яшчэ страчаным.

Іншыя прызнакі  сяброўства і супрацоўніцтва – гэта хаця б помнік рускім і сербскім абаронцам Бялграду, які знаходзіцца ў важнейшым парку сталіцы – Калемегдане (пра які распавядзем у суботу). Гэта каменны крыж, а ў ім упісанае кола з выявай святога Георгія, важнага для праваслаўнай царквы ды дзяржаўнага патрона Сербіі. Помнік усталяваны па ініцыятыве шэрагу расейскіх грамадскіх арганізацыяў і ўладаў горада ў гадавіну пачатку Першай сусветнай вайны.

Варта адзначыць, што апрача нядаўніх прэтэнзій Расеі, датычных гандлю польскімі яблыкамі, што ішлі ў Расею праз Сербію, адносіны на дзяржаўным узроўні вельмі добрыя. У кастрычніку 2014 года Пуцін атрымаў Ордэн Рэспублікі Сербія – важнейшая дзяржаўная ўзнагарода, уручаная прэзідэнтам Сербіі Томіславам Ніколічам, а жыхары Бялграду ў час вайсковага параду віталі госця сталіцы вельмі шчыра.

З аднаго з візітаў Пуціна ў Бялград засталіся яшчэ ў падземных пераходах налепкі, з якіх ускосна можна прачытаць, што сербам спатрэбіўся б такі моцны прэзідэнт як Уладзімір Пуцін. Варта тут дадаць, што яшчэ ў 2011 годзе сербы, якія пражываюць у Косаве, збіралі подпісы (у колькасці пару дзесяткаў тысяч) пад петыцыяй да ўладаў Расеі, каб прызаць ім грамадзянства Расейскай Федэрацыі, паколькі   бялградскі ўрад, паводле іх, не ў змозе абараняць іх інтарэсы і забыўся на іх, а нават прадаў іх за адркыццё дзвярэй ў Еўразвяз.

Палітычная сітуацыя ў Сербіі складаная, грамадства чакае перамен і рашучых крокаў, як ва ўнутранай, так і знешняй палітыцы, не выключаючы пытання Косава. Перспектыва інтэргацыі з ЕЗ таксама падзяляе грамадзян, адны катэгарычна супраць, іншыя толькі за, спадзеючыся, што ўступленне ў еўрапейскія структуры вырашыць усе праблемы краіны. Але гэта безумоўна тэма на асобны расказ і аналіз, які падрыхтуем у адной з чарговых сустрэч у рамках нашага візіту з Белага Стоку ў Белы Град.

https://www.youtube.com/watch?v=Jj-xjMNz_90

Радэк Дамброўскі і Іло Карпюк, Бялград