Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч выйшла ў 1/8 фіналу турніру ў Страсбургу



Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч, якая мае 50-ы нумар сусветнага рэйтынгу, паспяхова стартавала на турніры катэгорыі WTA-250 у французскім Страсбургу з прызавым фондам 251,5 тысяч даляраў.


У паядынку 1/16 фіналу беларуска абыграла ў двух сэтах французскую тэнісістку Жулі Жэрво – 6:4, 6:2. У другім раўндзе будзе супернічаць з нямецкай тэнісісткай Ангелікай Кёрбер, якая перамагла францужанку Дыян Пары 6:3, 6:4.   Беларускі тэнісіст Ілля Івашка пераможна стартаваў на турніры катэгорыі АТР-250 у швейцарскай Жэневе з прызавым фондам 534,5 тысяч еўра. У першым раўндзе беларус, які займае 50-е месца ў сусветным рэйтынгу, адолеў у трохсэтавым паядынку амерыканца Маркаса Хірона, у якога 49-я пазіцыя, – 4:6, 6:3, 6:2. У актыве Івашкі 9 эйсаў, а ў суперніка ўсяго два. Гульня доўжылася 1 гадзіну 50 хвілін. У матчы 1/8 фіналу Ілья Івашка сустрэнецца з прадстаўніком Канады Дзянісам Шапавалавым, які мае 15-ы нумар рэйтынгу АТР.

Шайба Алекса Гальчэнюка не выратавала каманду ЗША ад паразы ў матчы з фінамі

Зборная Фінляндыі перамагла амерыканцаў у матчы групавога этапу чэмпіянату свету па хакеі 4:1. У складзе пераможцаў вызначыліся Мікаэль Гранлунд, Валтэры Філпула, Сакары Маннінен і Міка Лехтанен. У амерыканцаў адзіную шайбу закінуў сын беларускага хакеіста Аляксандра Гальчэнюка, Алекс. Зборная Канады святкавала ўпэўненую перамогу над камандай Славакіі ў матчы трэцяга тура групавога этапу чэмпіянату свету – 5:1. Зборная Канады святкавала трэцюю перамогу запар на турніры, Славакія ж прайграла другі матч запар. Зборная Латвіі  адолела каманду Нарвегіі – 3:2.

Маладзёжная зборная Беларусі праверыла сілы перад турнірам у Сочы

Маладзёжная зборная Беларусі па хакею ў рамках падрыхтоўкі да турніру ў Сочы правяла двухбаковы матч з авертаймам і серыяй булітаў. У асноўны час мацнейшай была каманда „чорных”, у авертайме перамаглі „белыя”, а ў серыі булітаў верх зноў узялі „чорныя”. Брамку „чорных” абараняў Ян Шостак, „белых” — Лорэнс Зінадзін, інфармуе hockey.by. Па выніках двухбаковага матча ў камандзе плануецца першы адсеў.  Турнір у Сочы пройдзе з 25 па 30 траўня. Супернікамі каманды Сяргея Стася стануць дзве маладзёжныя зборныя Расіі, а таксама юніёрская  зборная Расіі.

Ювентус” выпусціў перамогу над „Лацыё”

Футбалісты „Ювентуса” і „Лацыё” згулялі ўнічыю ў матчы 37-га тура чэмпіянату Італіі. Душан Улахавіч і Альвара Марата ў першым тайме вывелі „Старую сіньёру” наперад. У другой палове сустрэчы, спачатку абаронца „Ювентуса” Алекс Сандра вызначыўся аўтаголам. Затым Сяргей Мілінкавіч-Савіч на 96-й хвіліне ўсталяваў канчатковы лік паядынку- 2:2.  Футбалісты лонданскага „Арсенала” саступілі ў гасцявым паядынку 37-га тура „Ньюкаслу” 0:2. „Сарокі” вырашылі ўсе пытанні адносна пераможцы сустрэчы дзякуючы аўтаголу гульца „кананіраў” Бэна Уайта і ўзяццю брамы ў выкананні Бруна Гімарайнса.

Расею і Беларусь не дапусцілі да тэндару на паказ Алімпійскіх гульняў з 2026 года

Расея і Беларусь не пакажуць Алімпійскія гульні ў 2026 і 2028 годзе.
Як паведамляе афіцыйны сайт Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК), абедзве краіны не былі дапушчаны да ўдзелу ў тэндары на набыццё тэлевізійных правоў для паказу Гульняў-2026 і -2028. Дакументы на тэндар прымаліся да 25 красавіка.
Зімовая Алімпіяда-2026 пройдзе ў Мілане і Корціна-д’Ампецо, спаборніцтвы плануецца правесці з 6 па 22 лютага 2026 года.
Летняя Алімпіяда-2028 адбудзецца ў Лос-Анджэлесе, правядзенне Гульняў плануецца з 21 ліпеня па 6 жніўня 2028 года.

Беларускае Радыё Рацыя