У Беларусь павінны завезці з-за мяжы да 20 тысяч тон цукру
У Беларусь плануюць завезці з-за мяжы да 20 тысяч тон цукру. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Белдзяржхарчпрама. Столькі цукру імпартуюць „для забеспячэння збалансаванасці на спажывецкім рынку і прамысловай перапрацоўкі”. Адпаведны аб’ём імпарту вызначыла рабочая група, зыходзячы з тарыфнай ільготы, выдзеленай Еўразійскай эканамічнай камісіяй.
У снежні 2021-га Рада ЕЭК вызначыла тарыфныя квоты на ўвоз цукру да 31 жніўня 2022 года. Беларусі дазволілі бяспошлінна завезці да 100 тысяч тон цукру.
У першым квартале імпарт цукру ў Беларусь склаў 383 тоны. Цяперашні запланаваны імпарт перавысіць яго ў 50 разоў. Найбольшы попыт на цукар у Беларусі быў адзначаны ў сакавіку, калі адбыўся скачок валютнага курсу. Тады аб’ёмы продажу цукру выраслі ўтрая — з 1 кг да 3 кг у сярэднім на чалавека ў месяц.