Расея спыняе пастаўкі газу ў Фінляндыю з 21 траўня



Расейскі «Газпром» абвясціў Фінляндыі, што спыняе пастаўкі прыроднага газу з раніцы ў суботу.

Пра гэта паведамляе Reuters, цытуючы дзяржаўную фінскую кампанію Gasum. Gasum адмовіўся плаціць за пастаўкі ў рублях, як раней дамагалася Расея ад імпартэраў расейскага газу ў Еўропе.

17 траўня Gasum паведаміла расейскаму боку аб тым, што ініцыюе арбітражнае разбіральніцтва ў дачыненні да кантракту на пастаўку газу з ТАА «Газпром экспарт», і заявіла, што не мае намеру аплачваць газ у рублях.

20 траўня „Газпром экспарт” не атрымала плацёж за красавіцкія пастаўкі газу і прыняла рашэнне аб прыпыненні паставак да аплаты газу ў рублях, паведамляе прэс-служба ПАТ „Газпром”.

Gasum пацвердзіла, што атрымала ад расейскага боку апавяшчэнне аб прыпыненні паставак. Кампанія мае намер пастаўляць газ сваім кліентам з іншых крыніц праз трубаправод Balticconnector, які злучае фінскія і эстонскія газавыя сеткі.