Праваслаўныя святкуюць Дабравешчанне (абноўлена)
Сёння ў праваслаўнай царкве – Дабравешчанне Прасвятой Багародзіцы – адно з 12-ці вялікіх хрысціянскіх святаў.
У народнай традыцыі свята Дабравешчання звязанае з пачаткам вясны і прылётам буслоў з выраю. У гэты дзень гаспадыні рабілі выпечку на дражджах у форме бусліных лапак. Людзі верылі, што лапкі маглі прывабіць і самых птушак. А калі бусел пасяліўся на хаце ці гумне, гэта мела прынесці гаспадарам шчасце:
– Мама напячэ дзве бляхі буславых лапак. Адно гняздо буслоў было ў нас у вёсцы. І мы крычымо: Боцян, боцян, на тваю лапу – ці бачыш, ці не бачыш?” І яшчэ: “Боцян, Боцян, клёкатун, ўзяў бабу каўтун. Баба яго кулаком, а ён бабу – дзюбаком”. Ужо прыляцелі бацяны, усё цешыліся і крычалі.
Акрамя бусліных лапак, на Дабравешчанне гаспадыні пяклі таксама булачкі ў форме баронаў ці сярпоў.
Гэта мела гарантаваць ураджай у час жніва. Паводле вераванняў, на свята Дабравешчання ня можна было нічога рабіць. Існавала перакананне, што ў гэты дзень нават птушкі ня в’юць сваіх гнёздаў.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя
7-га красавіка вернікі Праваслаўнай царквы, што карыстаюцца юліянскім календаром, адзначаюць адно з 12-ці вялікіх святаў – Дабравешчанне Багародзіцы.
Дабравешчанне азначае «добрая» вестка. У гэты дзень Дзеве Марыі з’явіўся архангел Гаўрыіл і абвясціў Ёй пра будучае нараджэнні Ісуса Хрыста – Сына Божага і Збавіцеля свету.
Пра гісторыю і тэалогію гэтага свята распавядае айцец Кастусь Бандарук:
– Яно святкавалася ўжо ў апостальскія часы і называлася Пачаткам адкуплення або Дабравешчаннем аб Хрысце. Сама падзея дакладна апісаная ў Евангеллі. Марыя ўспрыняла словы арханёла з вялікай пакорай: “Я – служанка Гасподняя. Хай станецца паводле слова твайго”.
У святочных багаслужбах падкрэсліваецца пакора Божай Маці і тайна ўцялесяння Сына Божага, недаступная чалавечаму розуму. Гаворыцца, што дзякуючы нараджэнню Божага Сына, зноў адноўлена лучнасць чалавека з Богам.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота pravoslavie.ru