Галоўчанка прапанаваў краінам СНД адмовіцца ад даляра і еўра
Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка прапанаваў краінам СНД адмовіцца ад разлікаў у далярах і еўра.
У пятніцу ён удзельнічаў у пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў дзяржаў Садружнасці, якое праходзіла ў рэжыме відэаканферэнцыі. Галоўчанка лічыць, што адмова ад даляра і еўра дазволіць павялічыць аб’ём узаемнага гандлю.
„Дамагчыся забеспячэння ўстойлівага эканамічнага росту ва ўмовах абвешчанай нам эканамічнай вайны будзе немагчыма без вырашэння адной з сістэмаўтваральных задач — максімальнага сыходу ад узаемаразлікаў у далярах і еўра, — гаварыў ён. — Гэта з яго слоў дасць магчымасць не толькі павялічыць трансгранічныя разлікі, якія могуць ажыццяўляцца наўпрост паміж краінамі-ўдзельніцамі, але таксама будзе стымуляваць узаемны гандаль і абароніць экспарцёраў, імпарцёраў ад ваганняў курсаў валют трэціх краін”.
Раман Галоўчанка заявіў, што ў СНД ужо практычна сфармаваная неабходная плацёжная інфраструктура для поўнага сыходу ад даляра і еўра. Як вядома, у СНД уваходзяць Беларусь, Расея, Азербайджан, Арменія, Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан, Узбекістан і Малдова. Наўрад ці многія з гэтых краін гатовыя падтрымаць прапанову, агучаную з Менска.