Як у Вільні “святкавалі” 25-годдзе ЛітССР. Уражанні братоў Луцкевічаў ад савецкай паказухі
У Савецкай ваеннай энцыклапедыі рэдакцыі 1932 года панятак анексія меў выключна негатыўную канатацыю. Так, у даведніку давалася наступная дэфініцыя: “Анексія, знешне аформлены згодна патрабаванням буржуазнага права захоп якой-небудзь дзяржавай тэрыторыі, якая не належыла ёй раней”. Правадыр Кастрычніцкага перавароту Уладзімір Ленін увогуле тлумачыў, што для анексіі характэрныя наступныя складнікі: гвалт (гвалтоўнае далучэнне), іншаземны прыгнёт і парушэнне статус-кво. Зразумела, сыходзячы з такой логікі, савецкая дзяржава не ажыццяўляла ніколі гвалтоўных далучэнняў чужых тэрыторый. Абгрунтоўваючы агрэсіўныя дзеянні ў дачыненні да суседніх дзяржаваў, Масква заўжды заяўляла пра добраахвотныя далучэнні, уз’яднанні і акты гістарычнай справядлівасці, што на практыцы, аднак, часта разыходзілася з рэчаіснасцю.
У 1965 годзе ў СССР праходзіла мноства святочных мерапрыемстваў, звязаных з юбілейнымі датамі. У краінах Прыбалтыкі на дзяржаўным узроўні і ў прысутнасці мноства замежных гасцей праходзілі разнастайныя фестывалі і святы з нагоды 25-годдзя далучэння да СССР. Арганізатары ўрачыстых цырымоній усяляк імкнуліся давесці добраахвотны характар уз’яднання “братэрскіх” балцкіх народаў з “Краінай саветаў”. У прэсе паведамлялася пра тое, як 25 гадоў таму, у чэрвені 1940-га, савецкая тэхніка, танкавыя часткі і матарызаваная пехота заходзілі без якіх-кольвек перашкод і інцыдэнтаў у гарады былых незалежных дзяржаваў Літвы, Латвіі і Эстоніі, вызваляючы прыгнечаных літоўцаў, латышоў і эстонцаў ад свавольстваў мясцовых нацыянал-фашыстоўскіх урадаў. Больш за тое, гаварылася пра дзясяткі тысяч жыхароў Каўнаса і Вільні, якія воплескамі і крыкамі “ура” віталі савецкіх вайскоўцаў, а чырвонаармейцам і камандзірам дарылі кветкі. Аднак паверыць у такую інфармацыю маглі зусім наіўныя і маладыя людзі. Тыя, хто заспеў прыход першых і другіх “саветаў” у Вільню, вялікага энтузіязму ў юбілейны для мясцовых камуністаў год не выяўлялі. Карэнныя віленчукі Юрый і Лявон Луцкевічы, вярнуўшыся ў ЛітССР пасля сталінскага ГУЛАГу, назіралі за падрыхтоўкай да святаў са здзіўленнем і характэрнай для іх іроніяй. У лістах свайму “калымскаму аднапалчаніну” Уладзіміру Стрыгуцкаму яны апісвалі ўсе змяненні, якія адбываліся аўральнымі тэмпамі ў “крывіцкай Мекке”.
24 красавіка 1965 года Юрый Луцкевіч піша сваім беларускім сябрам Стрыгуцкім: “Дарагія Яня, Валодзя і Кастусь! Уся Літва, а Вільня ў першую чаргу, рыхтуюцца да юбілея савецкай улады ў Прыбалтыцы. Будуюць новую гасцініцу, старыя дамы рамантуюць. Ад рэстарана “Паланга”, дзе я радзіўся, засталіся толькі сцены, — яго поўнасцю перабудоўваюць, вось толькі не здагадаліся ўмураваць памятную бронзавую табліцу. Увесь бляск будзе наведзены да 21 ліпеня, гэткім чынам, на ваш прыезд Вільня будзе рабіць больш упарадкаванае ўражанне, чым цяпер”. У гэтым лісце завуалявана перадаецца настрой таго часу, для якога характэрны, з аднаго боку, амбіцыйныя і маштабныя горадабудаўнічыя праекты кшталту пабудовы новай гасцініцы, а, з іншага, праяўляюцца хранічныя хваробы планавай гаспадаркі з адвечнымі “аўраламі” і “паказухамі”.
Наступны ліст беларускага грамадскага дзеяча Юрыя Луцкевіча да сям’і Стрыгуцкіх датуецца 25 ліпеня 1965 году, калі ў аўтара радкоў яшчэ былі жывыя ўспаміны і эмоцыі пра святочную Вільню. Апісваючы атмасферу свята 25-годдзя Савецкай Літвы, Юрка робіць некалькі яркіх зацемак пра тое, як бачылі і ўспрымалі юбілей тагачасныя жыхары Вільні: “Усю мінулую дэкаду Вільня прадстаўляла сабой нешта накшталт Рыо-дэ-Жанэйро падчас карнавалу. Гасцей з розных рэспублік і з розных канцоў свету, самай рознай масці прыбыло каля 80 тысяч. У тым ліку 30-тысячны зводны народны літоўскі хор, які пяяў на эстрадзе ў Закрэце. Горад падчысцілі, перамалявалі бадай што кожную камяніцу, адчынілі новыя рэстараны і магазіны, збудавалі каля вакзала новую гасцініцу. Гэтак, значыцца, рыхтаваліся да святкавання 25-х угодкаў прылучэння Літвы да СССР. (Адбылося гэта прылучэнне не зусім так, як пішуць у газетах, я ж жывы сведка, але справа не ў гэтым)”. Юрка і Лявон Луцкевічы, дзеці рэпрэсаванага і забітага саветамі прэм’ер-міністра БНР Антона Луцкевіча, як ніхто іншы маглі распавесці тое, як выглядала “добраахвотнае аб’яднанне” Літвы з СССР у 1939-м і 1940-м гг. насамрэч. Менавіта на іх вачах адбывалася трагедыя некалькіх народаў, якіх пасля прыходу камуністаў чакалі рэпрэсіі, пазбаўленне маёмасці і масавыя дэпартацыі. Далучэнне Літвы да СССР у 1940-м годзе праходзіла па сцэнары “паўзучай акупацыі”, калі, пасля перадачы Сталіным Вільні пад кантроль ураду Антанаса Смятоны, на тэрыторыю незалежнай Літвы ўвайшоў савецкі вайсковы кантынгент. Пазней цягам году анексія была завершаная юрыдычным чынам у атмасферы страху і тэрору.
Аднак у 1965 годзе былым вязням сталінскіх лагераў хацелася забыцца на жудасныя падзеі 25-гадовай даўніны. Жыццё брала сваё і зацягвала нават самых вялікіх скептыкаў у вір падзей. Юрка Луцкевіч, заўзяты аўтамабіліст, распавядае пра тое, як адбілася на гарадскім руху ў Вільні вялікая колькасць гасцей: “Шафёрам дасталося найгорш: хуткасць руху на святочныя дні была агранічана ў межах гораду да 40 км у гадзіну, ды і то трэба было ўважаць, каб не пераехаць якога негра! На ветравое шкло машыны прыляпілі вось гэткі значок: (ХХV на контуры ЛітССР). Гэткі ж значок красаваўся на аўтобусах, тралейбусах, вітрынах магазінаў, на сценах дамоў на ўпакоўцы прадуктаў і прамтавараў ды наагул усюды, вось толькі не дагадаліся надрукаваць яго на туалетнай паперы (ды і то хіба таму, што гэтай паперы ў нас у продажы няма)”.
Нягледзячы на эпахальнасць падзеі, жыхары Літоўскай ССР усё ж адчулі на сабе няласку Масквы, Юрый Луцкевіч піша пра тое, што жыхары Вільні чакалі ад Масквы дадатковага выхаднога з нагоды юбілея савецкай улады, але не дачакаліся: “Чакалі, што будзе вольны дзень ад працы, але Масква не дазволіла. Затое прыехаў Суслаў і ўручыў Рэспубліцы ордэн Леніна. Вось, значыцца, мы і “ардэнаносцы”!”
Мікола Бянько
Паслухаць перадачу можна тут: