Гандбалісткі „Гомеля” сталі ўладальніцамі Кубка Беларусі



Гандбалісткі „Гомеля” чацвёрты раз запар сталі ўладальніцамі Кубка Беларусі. У Наваградку ў вырашальным паядынку 25-га кубкавага розыгрышу гамяльчанкі ўпэўнена перамаглі „БНТУ-БелАЗ” 28:17. Для гандбалістак „Гомеля” гэта сёмы пераможны фінал у гісторыі.

Футбалісты „Дняпра” здабылі першую перамогу ў чэмпіянаце Беларусі

На футбольным чэмпіянаце Беларусі сярод каманд вышэйшай лігі праходзяць чарговыя сустрэчы 9-га тура. У першай з іх футбалісты магілёўскага „Дняпра” святкавалі першую вікторыю ў сёлетнім першынстве, абыграўшы на сваім полі берасцейскае „Дынама” 2:0. Абодва мячы ў другім тайме забіў паўабаронца магіляўчан Арцём Фядзянін. Пасля гэтай перамогі „Дняпро” набраў 5 ачкоў і пайшоў з апошняга месца ў турнірнай табліцы. „Славія” і „Нёман” згулялі ўнічыю – 1:1. Гаспадары параўнялі лік дзякуючы кур’ёзу: галкіпер „жоўта-зялёных” Сяргей Курганскі пасля далёкага стрэлу і рыкашэта занёс мяч ва ўласную браму. Каманды дагульвалі сустрэчу ў дзесяцёх, акрамя таго, выдаленне зарабіў трэнер гасцей Андрэй Скарабагацька. „Славія” ідзе шостай у табліцы з 14 ачкамі, у „Нёмана” 13 балаў і восьмая пазіцыя. Футбалісты менскага „Дынама” выйгралі ў „Віцебска”  2:1.

„Манчэстэр Сіці” перамог, саступаючы 0:2, і выйграў 8-ы тытул

Футбалісты „Манестэр Сіці” і „Ліверпуля” дамагліся валявых перамог у 38-м туры чэмпіянату Англіі. „Гараджане” саступаючы з дэфіцытам у два галы змаглі адолець „Астан Вілу”, а „чырвоныя” прапусціўшы мяч у дэбюце сустрэчы з „Вулверхэмптанам” тройчы засмуцілі брамніка „ваўкоў”. Такі вынік задаволіў падначаленых Хасэпа Гвардзьёлы, якія сталі пераможцамі турніру восьмы раз. Футбалісты „Мілана” разграмілі „Сасуола” у заключным туры чэмпіянату Італіі і сталі ўладальнікамі „скудэта” 19-ы раз у гісторыі клуба. Мячы ў „расанэры” забілі Аліўе Жыру, які зрабіў дубль і Франк Кесьэ 3:0. Другое месца пакінуў за сабой „Інтэр”, які з тым жа лікам перамог „Сампдорыю” дзякуючы двум галам Анхеля Карэа і мячу Івана Перышыча, які адкрыў лік у сустрэчы.

„Атлетыка” на выездзе перамог „Рэал Сасьедад” у матчы 38-га тура чэмпіянату Іспаніі — 2:1. „Вільярэал” у гасцях абыграў „Барселону” 2:0, „Севілья” перамагла „Атлетык” 1:0. „Атлетыка” завяршыў сезон на трэцім месцы з 71 ачком, „Севілья” засталася чацвёртай з 70 баламі. У „Барселоны” 73 ачкі і другое месца. „Вільярэал” фінішаваў сёмым і выйшаў у Лігу канферэнцый.

„Карона” і „Тыхы” згулялі ўнічыю, Шыкаўка выйшаў на замену

„Карона” на выездзе згуляла ўнічыю з „Тыхы” у матчы 34-га тура першай лігі чэмпіянату Польшчы — 1:1. У гасцей беларускі форвард Яўген Шыкаўка выйшаў на замену на 77-й хвіліне.
„Карона” з 56 ачкамі – на чацвёртым месцы ў табліцы.

„Сталіца” другі раз перамагла „Менск” у 1/2 фіналу чэмпіянату Беларусі па міні-футболе

Спартоўцы „Сталіцы” другі раз абыгралі „Менск” у паўфінальнай серыі 33-га чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. Другі паядынак сталічнага дэрбі выдаўся вельмі напружаным. Каманды па чарзе выходзілі наперад і да заканчэння асноўнага часу лік быў роўным – 3:3. У авертайме гэты вынік не змяніўся, а ў серыі пасляматчавых пенальці поспех быў на баку „Сталіцы” – 5:4.

„Дынама-БДУФК” святкавала восьмую перамогу ў матчах жаночага чэмпіянату Беларусі

Футбалісткі менскага „Дынама-БДУФК” святкавалі восьмую перамогу запар у матчах жаночага чэмпіянату Беларусі. У паядынку 8-га тура дзейныя чэмпіёнкі краіны разграмілі юніёрскую зборную Беларусі (U-19) з лікам 8:0.

Сасновіч перамагла на старце адкрытага чэмпіянату Францыі па тэнісе

На парыжскіх кортах „Ралан Гарос” стартаваў другі ў сезоне тэнісны турнір серыі „Вялікага шлема” – адкрыты чэмпіянат Францыі. Першай з трох прадстаўніц Беларусі ў жаночым адзіночным разрадзе ў барацьбу ўступіла Аляксандра Сасновіч, якая займае 45-е месца ў сусветным рэйтынгу. У 1/64 фіналу яна абыграла ў дзвюх партыях кітаянку Ван Сіньюй, у якой 75-я пазіцыя, – 6:4, 6:1.

Беларускае Радыё Рацыя