Агляд прэсы: неабходны якар



Беларусь нарошчвае войскі на мяжы з Украінай. Уступленне ў ЕЗ: як доўга давядзецца чакаць Украіне? Пагроза голаду: Расея блакуе экспарт украінскага збожжа. Ці зжыў сябе Сусветны эканамічны форум? Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Узброеныя сілы Беларусі актывізавалі выведвальную дзейнасць і ўводзяць дадатковыя падраздзяленні войскаў ля ўкраінска-беларускай мяжы. На Валынскім і Палескім франтах Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь паступова назапашваюцца і разгортваюць дадатковыя падраздзяленні ў прыгранічных раёнах Гомельскай вобласці», – піша ўкраінскае выданне Ukrayinska Pravda.

Выданне падкрэслівае, што па-ранейшаму існуе пагроза нанясення ракетных і авіяцыйных удараў па Украіне з тэрыторыі Беларусі.

«На Слабажанскім фронце за ўтрыманне пазіцый на Харкаўскім фронце вядуць баі часткі 6-й агульнавайсковай арміі Заходняй ваеннай акругі і Балтыйскага флоту Расейскай Федэрацыі. На Данецкім фронце Расея працягвае спробы прарваць ўкраінскую абарону і прасунуцца да адміністрацыйнай мяжы Луганскай вобласці. Расея зараз разгортвае ваенную тэхніку, якая раней была пашкоджана падчас ваенных дзеянняў ва Украіне, а цяпер адрамантавана, каб папоўніць страчаныя ў баях ва Украіне боепрыпасы і тэхніку», – паведамляе ўкраінскае выданне.

І канцлер ФРГ Шольц, і прэзідэнт Францыі Макрон пастараліся развеяць надзеі Украіны на хуткае ўступленне ў Еўразвяз. Як заявіў Шольц, паскоранага працэсу ўступлення ў супольнасць не прадугледжана – гэта, маўляў, было б несправядліва ў адносінах да краін Заходніх Балкан, якія ўжо даўно стаяць у чарзе. Макрон раней ужо падкрэсліваў, што працэс уступлення Украіны можа расцягнуцца на «дзесяцігоддзі». Еўрапейская прэса разважае аб прамежкавых шляхах і магчымасцях.

«Еўразвяз чакаюць няпростыя выпрабаванні», – прагназуе італьянская газета La Stampa.

«З аднаго боку – прыхільнікі хуткага ўступлення Украіны, а менавіта Польшча і краіны Балтыі. З іншага боку – усе тыя, хто лічыць, што этапы ўступлення ў супольнасць павінныя быць аднолькавымі для ўсіх кандыдатаў без выключэння. Францыя аб гэтым заявіла дакладна і адназначна, і ўчора гэта яшчэ раз падкрэсліў новы міністр па еўрапейскіх справах Клеман Бон. Такое ж меркаванне выказалі і іншыя краіны, якім было зададзена гэтае пытанне, напрыклад, Нідэрланды і Данія. Учора на бок Францыі афіцыйна ўстала і Нямеччына. Макрон спрабуе супакоіць сваіх заходніх саюзнікаў, і ў той жа самы час не абарваць тонкую нітку дыялогу з Пуціным», – адзначае італьянскае выданне.

Вайна ва Украіне сур’ёзна абвастрыла сітуацыю: Расея, з аднаго боку, сама ўвяла забарону на вываз збожжавых, а з другога боку, яна блакуе экспарт украінскага збожжа з партоў на Чорным і Азоўскім морах. Ці павінен Захад умешвацца ў сітуацыю?

«Сітуацыя склалася надзвычай складаная», – піша італьянская газета La Repubblica.

«У Кіеве пачынаюць успамінаць пра Галадамор. Ці прадстаўляецца ў цяперашніх умовах міжнароднае ўмяшанне? Для таго каб адказаць на гэтае пытанне, трэба дакладна разумець, што Масква паставіла на карту. Расея спрабуе кампенсаваць цяжкасці сухапутнай вайны ўзяццем пад кантроль партоў Украіны. Пакуль расейскія салдаты на акупаваных тэрыторыях знішчаюць або крадуць украінскае збожжа, частка якога накіроўваецца сірыйскаму саюзніку Масквы Башару Асаду, расейская блакада Адэсы становіцца адказам на заходнія санкцыі. Пакуль санкцыі не аслабленыя, расейскія караблі не дадуць вывезці з украінскіх партоў ні зярнятка», – піша італьянскае выданне.

Пасля двухгадовага перапынку, выкліканага пандэміяй ковіда, у Давосе зноў адбыўся Сусветны эканамічны форум (СЭФ). Аднак глабалізаваная альпійская ідылія ўжо не тая, што раней: прысутнасць Кітая на форуме зведзена да мінімуму з-за новага ўсплёску каранавіруса, Расея выключана з кола ўдзельнікаў з-за вайны супраць Украіны.

Нямецкая газета Handelsblatt пералічвае тэмы, якія неабходна абмеркаваць.

«Да прыкладу, пытанне пра тое, як міжнародныя кампаніі манеўруюць сярод нязручных геапалітычных скал ваенных канфліктаў, нестабільных дзяржаў і перапыненых ланцужкоў паставак. Шмат гавораць пра новую халодную вайну. Аднак наўрад ці якая-небудзь кампанія гатова да сітуацыі, калі вакол палітычных сфер уплыву будуць зноў узводзіцца сцены. Сусветны эканамічны форум лічыць сустрэчу ў Давосе «гістарычным паваротным момантам». Не выклікае сумневаў тое, што лідэры бізнэсу і палітыкі апынуліся на раздарожжы, аднак незразумела, па якім шляху яны пойдуць. У любым выпадку, дарога назад – у адносна бесклапотны час, які наступіў пасля падзення Берлінскай сцяны – пакуль што зачынена», – падкрэслівае нямецкае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя