Суды працягваюць прызнаваць тэлеграм-каналы экстрэмісцкімі



Экстрэмісцкімі матэрыяламі на Берасцейшчыне суды працягваюць прызнаваць тэлеграм-каналы. Апошні прыклад – працэс над каналам „Экономіка Беларусі” і чатам беларускай дыяспары ва Украіне.

Так днямі ў баранавіцкім судзе прайшло пасяджэнне, дзе вырашалася пытанне пра наданне статусу экстрэмісцкага тэлеграм-каналу „Экономіка Беларусі”. Заяўнікам выступіла ўпраўленне ваеннай контрразведкі КДБ Рэспублікі Беларусь. А ў якасці зацікаўленай асобы – Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Пляцоўка ўжо ўнесена ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Таксама КДБ у Баранавічах раней прасіла прызнаць „экстрэмісцкімі матэрыяламі” чат беларускай дыяспары ва Украіне. Заяўнікам і зацікаўленай асобай выступілі ўсё тыя ж інстытуцыі.

Дадаткова адзначаецца, што тэлеграм-каналу „Баранавічы Паўночны” нададзены экстрэмісцкі статус. Але, як паведамляюць праваабаронцы, ні канала, ні чату на дадзены момант з такой назвай у тэлеграм знайсці нельга.

Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя