Агляд прэсы: мір любой цаной



Беларусь як маркер перамены ментальнай мапы Еўропы. Вайна ва Украіне: пошукі дыпламатычнага рашэння. Хто будзе аплочваць аднаўленне Украіны? У выпадку нападу Кітая Тайвань атрымае падтрымку ад ЗША. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Сярод шматлікіх непрадбачаных наступстваў спробы ўварвання Расеі ва Украіну 24 лютага ментальная карта Еўропы змяняецца. З моманту падзення камунізму такія краіны, як Украіна, Беларусь і Малдова, лічылася, што затрымліваюцца ў змрочнай зоне паміж ЕЗ і Расеяй. Болей не», – піша еўрапейскае выданне Euobserver.

«Мільёны ўкраінскіх уцекачоў па ўсёй Еўропе з’яўляюцца пасламі сваёй краіны. Глыбокая сувязь паміж Польшчай і Украінай, верагодна, стане пастаяннай рысай еўрапейскай палітыкі. Для жыхароў Заходняй Еўропы гэта другі сур’ёзны зрух іх ментальнай мапы. Пасля 1989 года яны зноўку адкрылі для сябе Цэнтральную Еўропу, якая з іх пункту гледжання, знікла за жалезнай заслонай на паўстагоддзі. Украіна і Беларусь сталі незалежнымі дзяржавамі з прызнанымі межамі. Але для большасці еўрапейцаў яны так ці інакш заставаліся часткай расейскай арбіты, часта пазначанай як «былыя савецкія дзяржавы». Аднак беларусы паказалі, што яны не хочуць жыць пад вечнай экс-камуністычнай дыктатурай. Іх не варта забываць. Калі ад улады адпадуць Лукашэнка або Пуцін, у іх з’явіцца шанец атрымаць свабоду. Для нашай ментальнай карты гэта азначае, што ўсходнееўрапейскія дзяржавы становяцца ўласнымі актарамі, незалежнымі ад Расеі. Еўропа спадзяецца, што ў хуткім часе Беларусь таксама, як самастойнае грамадства і дзяржава, цесна звязаныя з суседзямі па ЕЗ, пакіне задворкі Расеі. ЕЗ не павінен таксама мець прадузятасці адносна будучага развіцця Украіны. Гэта свая краіна. Ён абараняецца ад найбуйнейшага ваеннага нападу ў Еўропе з 1945 года.

Украіне павінна быць прапанавана сяброўства на тых жа ўмовах, што і любой іншай краіне», – падкрэслівае еўрапейскае выданне.

На фоне працяглай вайны прэзідэнт Украіны Зяленскі кажа аб неабходнасці перамоваў: у адным са сваіх інтэрв’ю, дадзеным у мінулыя выходныя, ён заявіў, што ў рэшце рэшт вайна завершыцца толькі дыпламатычным шляхам. Тым часам Італія прадставіла ААН шматэтапны план дасягнення міру. Наколькі прымальны быў бы мір, дасягнуты шляхам кампрамісаў?

«У пошуку шляхоў заканчэння вайны ва Украіне Захад, на жаль, вельмі далёкі ад адзінства», – наракае брытанская газета The Daily Telegraph.

«Нягледзячы на ўсе размовы пра тое, што Захад дзейнічае адзіным фронтам, як толькі гаворка заходзіць пра адказ на пуцінскую агрэсію, карціна выглядае хутчэй падобна на мазаіку, і гэтае ўражанне з часам усё больш узмацняецца. Заходні альянс не так згуртаваны, як нам хацелася б думаць. Так, мы былі шакаваныя дзеяннямі Пуціна сёлета. Так, яго дзеянні выклікалі ў нас бурнае абурэнне. І ўсё ж – як на іх рэагаваць? Менавіта гэта застаецца вельмі незразумелым. Захад адзіны ў сваім абурэнні, але мы падзеленыя ў меркаваннях аб тым, што нам трэба было б зрабіць перад тварам падобных фактаў», – каментуе сітуацыю брытанскае выданне.

Пакуль што няма ніякіх прыкмет таго, што вайна Расеі супраць Украіны падыходзіць да канца. Тым не менш, ужо высоўваюцца ідэі аб тым, як у будучыні можна было б аднавіць краіну. У Вялікабрытаніі і ЗША, а таксама ў краінах ЕЗ шырока абмяркоўваецца магчымасць выкарыстання ў гэтых мэтах расейскага капіталу, замарожанага ў выніку санкцый. Еўрапейская прэса далучаецца да дыскусіі і абмяркоўвае таксама іншыя прапановы. Італьянская газета La Stampa прапануе іншую мадэль.

«У серыяле «Слуга народа», які прывёў Уладзіміра Зяленскага ва ўладу, ёсць пацешная сцэна, у якой алігархі гуляюць у манаполію. Гульнявое поле – карта Украіны з партамі, шахтамі і заводамі. Нядаўна ў Давосе па відэасувязі кіраўнік украінскай дзяржавы прапанаваў міжнароднай бізнэс-супольнасці новую версію гэтай гульні. Любая краіна, горад ці замежная кампанія можа «узяць пад апеку» які-небудзь рэгіён або прамысловую галіну Украіны, ды прыняць удзел у грандыёзных аднаўленчых працах у пасляваенны час, кошт якіх сёння ацэньваецца ў 500-600 мільярдаў даляраў. Гэта – свайго роду гіганцкая бяздонная бочка, якая ў той жа самы час можа стаць для ўдзельнікаў найвыгаднай угодай стагоддзя», – піша італьянскае выданне.

З пачатку расейскага ўварвання ва Украіну ў свеце расце засцярога, што, натхняючыся прыкладам Масквы, Кітай можа ўвасобіць у жыццё сваю даўно выказаную пагрозу і прыступіць да захопу Тайваня. У сувязі з гэтым, падчас свайго візіту ў Японію, прэзідэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што ў выпадку канфлікту Вашынгтон акажа Тайваню ваенную падтрымку. Пекін не замарудзіў выказаць сваё абурэнне. Прэса аналізуе тое, што адбываецца. Па меркаванні шведскай газеты Dagens Nyheter, абяцанне Байдэна – гэта папераджальны сігнал.

«Адносіны паміж ЗША і Кітаем апынуліся на найніжэйшай адзнацы за апошнія паўстагоддзі. У лютым Пекін і Крэмль выкавалі свайго роду жалезную вось дыктатур. Японія пачала нарошчваць свае ўзбраенні – упершыню з 1945 года. Можна суцяшацца тым, што ваенныя няўдачы Пуціна і хатнія праблемы Сі Цзіньпіна паслужаць нейкімі стрымліваючымі фактарамі. Тым не менш словы Байдэна ясна паказваюць, наколькі больш небяспечным стаў свет усяго за некалькі апошніх гадоў», – адзначае шведскае выданне.

Агляд сусветнай прэсы падрыхтавала Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя