Пра крамлёўскія вушы ў цяперашніх армянскіх пратэстах
Цяперашнія масавыя пратэсты супраць улады ў Арменіі – гісторыя, якая цягнецца не першы год. Практычна з моманту прыходу да ўлады любімца вуліцы, апазіцыйнага палітыка і журналіста Нікола Пашыняна ў 2018 годзе прадстаўнікі былых элітаў спрабуюць яго адсунуць ад кіравання краінай. Аднак пакуль што прэм’ер-міністру ўдаецца захоўваць пазіцыі, карыстаючыся супярэчнасцямі ўнутры армянскага грамадства.
У траўні 2018 года армяне дзякуючы надзвычай высокай мабільнасці і згуртаванасці змаглі адсунуць ад улады “карабахскі клан” на чале з былым кіраўніком дзяржавы Сержам Саргсянам, якія планавалі ажыццявіць канстытуцыйную рэформу, каб узурпаваць уладу. Тады дзясяткі тысяч незадаволеных армянаў паказалі ўсяму свету, што ліміт аксамітных рэвалюцый не вычарпаны. На хвалі народнай падтрымкі да ўлады прыйшоў апазіцыйны палітык Нікол Пашынян. Ніхто нават уявіць не мог, што марш пратэсту прыхільнікаў Пашыняна, які пачынаўся з горада Гюмры, перарасце ў дэмантаж папярэдняй сістэмы, замену кіраўніцтва краіны і пачатак рэформ. На ўсе спробы контррэвалюцыі блакаваць ініцыятывы вулічнага правадыра нервова рэагавала вуліца. У самы пік пратэстаў супраць Сержа Саргсяна некалькі буйных парламенцкіх партый Арменіі, якіх цяжка было аднесці да кола прыхільнікаў Нікола Пашыняна, амаль адзінагалосна падтрымалі новага лідара. Дзякуючы ім стала магчымым абранне рэвалюцыйнага правадыра на пост прэм’ер-міністра.
У далейшым улада Нікола Пашыняна толькі ўмацоўвалася. І так было да паразы Арменіі ў кароткай вайне з Азербайджанам, якая мела месца ў верасні-лістападзе 2020 года. Тады мадэрнізаванае войска азербайджанцаў без асаблівай цяжкасці адкінула армянаў з некалькіх ключавых населеных пунктаў непрызнанай рэспублікі Нагорны Карабах. Пераможнае шэсце Азербайджану магло б працягвацца і далей, каб не фактычная капітуляцыя Ерэвана. Армянскі бок пагадзіўся на ўмовы праціўніка, перадаўшы яму ў карыстанне тыя тэрыторыі, якія яшчэ пару гадоў таму ні ў якім разе не аддалі б папярэднікі Нікола Пашыняна. Зразумела, што ў выпадку паразы заўжды пачынаецца пошук вінаватых. Грамадзянская адміністрацыя абвінаваціла вайсковых у няўменні арганізаваць супраціў агрэсару. А вайскоўцы адказалі прэм’еру, заявіўшы пра неэфектыўнае кіраванне і “капітулянцтва”. Прэтэнзіі ваенных падхапілі ветэраны карабахскіх войнаў, нацыяналісты і прадстаўнікі былой улады. Словам, вуліца перастала падтрымліваць Пашыняна. Каб уратаваць сваё становішча, былы народны любімец заручыўся падтрымкай Масквы, пачаў актыўна ўдзельнічаць у яе інтэграцыйных праектах, у тым ліку па лініі АДКБ. Зрэшты, магчыма, такая мадэль паводзінаў Пашыняна і патрэбная была Крамлю, які свядома адсунуўся ад мілітарнай дапамогі Арменіі ў апошняй Карабахскай вайне 2020 года. Аднак Ерэван усё-такі разумее бесперспектыўнасць татальнай залежнасці ад Крамля, таму і намагаецца выкарыстаць любую магчымасць для паслаблення пятлі. У надзвычай складанай сітуацыі армянская ўлада вымушана зрабіла крок у бок Азербайджана, што немагчыма было ўявіць да 2020 года. І хоць пакуль дэталі мірнай дамовы распрацоўваюцца, але, відавочна, у зрыве гэтых пагадненняў ёсць галоўны зацікаўлены бок – РФ. Таму антыпашынянаўскія лозунгі вуліцы – гэта не столькі пратэст супраць канкрэтнай палітычнай сілы, колькі спроба сарваць мірны працэс, які можа не толькі прынесці даўгачаканы спакой на Паўднёвым Каўказе, але і аслабіць расейскія ўплывы ў гэтым рэгіёне.