Сасновіч і Блінкова саступілі ў 1/32 парнага разраду Ралан Гарос
Беларуска-расейскі дуэт Аляксандра Сасновіч/Ганна Блінкова прайграў канадска-мексіканскай пары Габрыэла Даброўскі/Джуліяна Олмас у матчы 1/32 фіналу парнага разраду адкрытага чэмпіянату Францыі па тэнісе — 2:6, 3:6.
А вось беларуска Лідзія Марозава і амерыканка Кейтлін Крысціян перайгралі расейку Варвару Грачову і Аксану Калашнікаву з Грузіі – 3:6, 7:5, 6:3 у першым раўндзе парных спаборніцтваў „Ралан Гарос”.
„Рэал” гатовы прапанаваць „Мілану” 120 мільёнаў еўра за Леау
„Рэал” хоча набыць нападніка „Мілана” Рафаэла Леау, паведамляе La Gazzetta dello Sport. Паводле інфармацыі крыніцы, мадрыдскі клуб гатовы заплаціць за 22-гадовага партугальца 120 мільёнаў еўра. Адзначаецца, што пасля таго як нападнік „ПСЖ” Кіліян Мбапэ працягнуў кантракт з парыжскім клубам, Леау стаў асноўнай трансфернай мэтай „Рэала”. Кантракт нападніка з клубам з Мілана разлічаны да 30 чэрвеня 2024 года. У сезоне-2021/22 ён забіў 14 мячоў і аддаў 12 выніковых перадач у 42 матчах за „расанеры” ва ўсіх турнірах. Пры гэтым яго прызналі самым каштоўным гульцом сезону ў чэмпіянаце Італіі.
Беларускі гандбаліст Аляксей Ушал пакідае «Татабанню”
Афіцыйны сайт гандбольнага клуба „Татабанья” аб’явіў імя яшчэ аднаго гульца, які пакідае каманду. Гэта беларускі лінейны Аляксей Ушал. Гандбаліст прыехаў у клуб мінулым летам з „Арашхазы”. Ва ўсіх турнірах ён згуляў за венгерскі клуб 35 матчаў і закінуў 41 мяч.
Прадстаўнікі БФСС стануць сябрамі працоўнай групы пры Міністэрстве спорту і турызму Польшчы
Прадстаўнікі Беларускага фонду спартовай салідарнасці стануць сябрамі спецыяльнай рабочай групы пры Міністэрстве спорту і турызму Польшчы. Паведамляецца, што дадзеная працоўная група будзе займацца пытаннямі ўдзелу беларусаў і расейцаў у спартовых спаборніцтвах у Польшчы.
Беларускае Радыё Рацыя