Агляд прэсы: нятанныя манеўры



Лукашэнка хоча, каб яго армія вынесла «ўрокі» вайны Расеі супраць Украіны. Вайна ва Украіне: пошукі дыпламатычнага выйсця. Эрдаган больш не жадае бачыць Міцатакіса. Cуд у Кіеве: пажыццёвы тэрмін для расейскага салдата.

Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.

«Самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікаў міністра абароны вынесці «ўрокі і высновы» з вайны Расеі супраць Украіны», – піша украінскае выданне Ukrayinska Pravda.

«Лукашэнка хоча атрымаць менавіта вынятыя ўрокі з досведу вайны ў частцы аснашчэння і далейшага развіцця беларускіх войскаў. Раней ён па-іншаму ўспрымаў армію, і ў першую чаргу ўзбраенне. І зноў жа ваенная аперацыя Расейскай Федэрацыі ва Украіне дала важныя ўрокі суседкам-краінам. Як мяркуецца, Лукашэнка хоча да канца года вырабіць ракету «Іскандэр» для аднайменнега мабільнага балістычнага ракетнага комплексу малой далёкасці. Беларусь ужо закупіла неабходную колькасць сістэм у Расеі», – адзначае ўкраінскае выданне.

На фоне працяглай вайны прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі кажа аб неабходнасці перамоваў: у адным са сваіх інтэрв’ю ён заявіў, што ў рэшце рэшт вайна завершыцца толькі дыпламатычным шляхам. Тым часам Італія прадставіла ААН шматэтапны план дасягнення міру. Меркаванні еўрапейскай прэсы наконт магчымых перспектыў разыходзяцца.

«Выступаючы на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе, былы дзяржаўны сакратар ЗША Генры Кісінджэр заклікаў падысці да пытання міру ва Украіне прагматычна», – адзначае чэшская газета Večernji list.

«Генры Кісінджэр мяркуе, што Захад павінен пакінуць свае спробы перамагчы Расею, паколькі гэта можа прывесці да яшчэ большай вайны. Ён таксама лічыць, што Украіне варта саступіць Маскве частку сваёй тэрыторыі. Кісінджэр адзначыў важнасць доўгатэрміновых адносін паміж Еўропай і Расеяй, і звярнуў увагу на тое, што кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў Еўропы не павінны выпускаць гэта з-пад увагі, паколькі ў адваротным выпадку ўсё можа выліцца ў дэстабілізацыю Еўропы і змену ў расстаноўцы сіл на кантыненце. Акрамя таго, рэальная пагроза ўзнікнення доўгатэрміновага альянсу Кітай-Расея», – папярэджвае чэшскае выданне.

«Напружанасць у грэка-турэцкіх адносінах – гэтае поле, на якім будуць апрабаваны вынікі візіту Міцатакіса ў ЗША. Якім чынам адрэагуюць амерыканцы? Ці будуць яны зноў балансаваць на тонкай грані, ці ж пашлюць выразны сігнал дзеля бяспекі Грэцыі? Так, дэкларацыі, намеры і абавязацельствы вельмі важныя і карысныя. Але ўся гульня і ўсе адносіны, якія фармуюцца, накіраваныя першым чынам на задавальненне надзённай патрэбы: данесці да Турцыі належны мэсыдж у патрэбны час. І гэты момант надышоў», – лічыць грэцкае выданне.

21-гадовы расейскі салдат прыгавораны да пажыццёвага зняволення на першым ва Украіне судовым працэсе па справе аб ваенных злачынствах. Салдат прызнаў, што ў першыя дні вайны ў Сумскай вобласці ён, выконваючы загад, застрэліў бяззбройнага 62-гадовага мірнага жыхара. Адвакат асуджанага плануе падаць апеляцыю. Еўрапейская прэса глядзіць на тое, што адбываецца з розных пунктаў гледжання.

«Судовы працэс дасылае важны сігнал, які мог бы мець наступствы», – адзначае нямецкая газета taz.

«Незалежна ад таго, чым скончыцца разгляд справы ў вышэйстаячай інстанцыі, можна зрабіць выснову, што працэс праходзіў у адпаведнасці з прававымі крытэрамі, і правы абвінавачанага былі выкананы. Гэта выкрывае хлусню ўсіх тых, хто сцвярджаў, што гэты працэс ёсць усяго толькі танным манеўрам. Працэс, які старанна абышлі маўчаннем расейскія дзяржаўныя СМІ, цалкам здольны нешта зрушыць з мёртвай кропкі і ў асяроддзі расейскай грамадскасці: дык вось як насамрэч выглядае гэтая «спецаперацыя» – страшная вайна, якую нельга называць сваім сапраўдным імем. Салдаты, нават змешчаныя на ніжняй прыступцы іерархіі і якія выконваюць загады, прыцягваюцца да адказнасці за здзейсненыя дзеянні», – падкрэслівае нямецкае выданне.

Беларускае Радыё Рацыя