Дэкрэт №3 парушае правы чалавека
Беларускі Хельсінкскі Камітэт звярнуўся ў парламент з просьбай адмяніць дэкрэт прэзідэнта № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства».
Праваабаронцы прыводзяць сем асноўных аргументаў, чаму дэкрэт варта прызнаць парушаючым Канстытуцыю і міжнародныя дамовы краіны, адзначае юрыст БХК Дзмітрый Чарных.
– Гэты дэкрэт парушае Арт. 41 Канстытуцыі, дзе гаворыцца пра права на працу. Па сутнасці, Арт. 41 Канстытуцыі гарантуе права на свабодную працу, без прымусу. Разам з тым гэты ж артыкул забараняе прымусовую працу. Яшчэ праблемы мы бачым у тым, што грамадзяне не могуць выконваць Канстытуцыйныя абавязкі па выхаванню сваіх дзяцей – гэта ў адносінах бацькоў, а ў адносіах дзяцей – клапаціцца пра бацькоў, якія маюць у гэтым патрэбу.
У сваім звароце ў Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Беларускі Хельсінкскі камітэт просіць адмяніць дэкрэт № 3 ці накіраваць яго ў Канстытуцыйны суд для дачы заключэння аб адпаведнасці гэтага акта Канстытуцыі і міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
У Беларусі ўступіў у сілу Дэкрэт №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. Дэкрэт, падпісаны днямі Аляксандрам Лукашэнкам, выклікаў абурэнне многіх грамадзян, асабліва беспрацоўных.
“Кожны з нас плаціць розныя сацыяльныя выплаты праз набыццё тавару”, – кажа былы ўладальнік прыватнай гаспадаркі Аляксандр Аліхвер.
– Я жыву ў прыватным доме і плачу падатак за зямлю, за нерухомасць, я карыстаюся электрычнасцю і газам, у кошт электрычнасці і газа ўнесены розныя падаткі.
Жыхары Бярозы:
– У іншых краінах наадварот плоцяць адмысловыя грошы, калі грамадзяне не працуюць. У нас наадварот – хочуць з людзей, якія не працуюць, атрымліваць для дзяржавы грошы. Я лічу, што гэта няправільна.
– Гэта дурнота. Сорамна за сваю дзяржаву і за нас усіх, бо слухаем гэтую глупоту.
На думку актывіста кампаніі “Гавары праўду” Валянціна Лазарэнкава, гэта ўдар перад выбарамі – найперш па апазіцыі, бо многія яе прадстаўнікі з прычыны рэпрэсій засталіся без працы.
Беларускае Радыё Рацыя
Цалкам матэрыял