Рынак ІТ фіксуе рэкордны адток спецыялістаў
ІТ-сектар працягвае біць рэкорды па адтоку спецыялістаў. У красавіку рэзка скараціўся наём новых супрацоўнікаў, пры гэтым з кампаній звольнілася ў два разы больш чалавек, чым год таму, распавядае dev.by.
Усяго з пачатку года (студзень–красавік) з ІТ-кампаній звольнілася на 50% больш спецыялістаў, чым працаўладкавалася.
Паводле звестак афіцыйнай статыстыкі, у мінулым месяцы з ІТ-кампаній звольнілася больш за 3 тысячы спецыялістаў (новы рэкорд). Гэта ў 2,2 разы больш, чым у красавіку мінулага года, і на 36% больш, чым у сакавіку гэтага года.
Кампенсаваць гэты адток за кошт найму новых спецыялістаў у кампаній не атрымалася. Больш таго, сітуацыя з працаўладкаваннем стала яшчэ горшай, чым у сакавіку. За красавік ІТ-кампаніі нанялі толькі 938 спецыялістаў — на 46% менш, чым у красавіку мінулага года, і на 33% менш, чым у сакавіку гэтага года.
Звяртае на сябе ўвагу не толькі гэта. Апошні раз менш за тысячу супрацоўнікаў за месяц ІТ-кампаніі наймалі ў кастрычніку 2020 года. З тых часоў на працягу паўтары года (з лістапада 2020 года па сакавік 2022 года) штомесяц у кампаніі ўладкоўвалася больш за тысячу спецыялістаў. Але ў красавіку гэтая тэндэнцыя перапынілася.
У выніку ўпершыню ўпала і агульная лічба працаўладкаваных у гэтым годзе ІТ-спецыялістаў у параўнанні з мінулым годам. Усяго за студзень-красавік ІТ-кампаніі ўзялі на працу амаль 5,5 тысячы спецыялістаў — на 2% менш, чым за такі ж перыяд мінулага года.
Звольнілася з ІТ-кампаній за студзень-красавік больш за 8 тысячы спецыялістаў — на 62% больш, чым за аналагічны перыяд 2021 года. Пры такіх тэмпах сыходу айцішнікаў з кампаній ужо праз два месяцы звольненымі можа апынуцца прыкладна столькі, колькі за ўвесь мінулы год.
Усяго за студзень-красавік з ІТ-кампаній звольнілася на 50% больш спецыялістаў, чым працаўладкавалася.
Чысты адток кадраў (розніца паміж прынятымі і звольненымі спецыялістамі) перавысіў 2,7 тысячы чалавек. А калі асобна ўлічваць сакавік-красавік, то за гэты перыяд чысты адток спецыялістаў перавысіў 3,3 тысячы чалавек.