Ператрусы і канфіскацыя тэхнікі ў Гомельскім грамадска-палітычным цэнтры (абноўлена)



 

Выбарчая кампанія ў Беларусі яшчэ не стартавала, а у гомельскіх апазіцыянераў ператрусы і канфіскацыя тэхнікі.

З Гомеля перадае карэспандэнт нашага Беларускага Радыё Рацыя:

Міліцыянты канфіскавалі ўсю аргтэхніку ў Гомельскім грамадска-палітычным цэнтры па вуліцы Палеская 52. Ператрус доўжыўся каля 2 гадзінаў. У выніку супрацоўнікі аддзелу па наркакантролю Навабеліцкага раёну забралі 4 сістэмныя блокі ад кампутару і мадэм. Падставай для агляду стала заява невядомага грамадзяніна, які нібыта атрымаў з паштовай скрыні праваабаронцы Леаніда Судаленкі ролік парнаграфічнага зместу. Гэтае паведамленне, паводле міліцыянтаў, было адпраўленае з айпі адрасу грамадскага цэнтру. Крымінальная справа па артыкуле 343 – выраб і распаўсюд парнаграфіі ў дачыненні да праваабаронцы пакуль што не ўзбуджаная, але праводзіцца праверка. На думку калегі Леаніда Судаленкі, Васіля Палякова, напярэдадні выбараў сілавікі пачалі зачыстку палітычных апанентаў з канфіскацыі тэхнікі.

* * *

7-га красавіка сем праваахоўнікаў у цывільным, якія прадставіліся супрацоўнікамі аддзелу па барацьбе з наркотыкамі, наведалі грамадска-палітычны цэнтр па вуліцы Палеская, 52. Міліцыянтаў цікавіла месцазнаходжанне кіраўніка арганізацыі „Прававая ініцыятыва” Леаніда Судаленкі.

Праваабаронца на месцы не аказалася, паколькі  ён на дадзены момант знаходзіцца не ў Беларусі. На думку Леаніда Судаленкі, візіт праваахоўнікаў можа быць звязаны з пагрозамі ў бок ягоных дзяцей. Месяц таму невядомыя інтэрнэт-паклёпнікі апублікавалі пагрозы ў дачыненні да дзяцей праваабаронцы. Леанід Судаленка склаў заяву ў праваахоўныя органы, каб тыя знайшлі невядомага аўтара аднаго з гомельскіх сайтаў, які спецыялізуецца на цкаванні апазіцыянераў. Аднак міліцыянты сталі шукаць самога кіраўніка арганізацыі „Прававая ініцыятыва”.

 Беларускае Радыё Рацыя.