Палітвязні за кратамі, а афіцыйны Менск рыхтуецца да Саміту ў Рызе
Адліга на лініі афіцыйны Менск – Брусель не падмацаваная ніводным зрухам Беларусі ў бок дэмакратызацыі, лічыць старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі. З афіцыйным візітам у беларускім парламенце пабываў дэпутат польскага Сойма ад левых дэмакратычных сілаў Яўген Чыквін, рыхтуецца таксама візіт у Менск дэлегацыі еўрапейскага парламента. Гэта негатыўныя сігналы для грамадзянскай супольнасці Беларусі, як кажа Алесь Бяляцкі.
– Якія могуць быць кантакты з беларускім парламентам, калі ён не прызнаны і гэтыя кантакты адпаведна зніжаюць планку патрабаванняў да беларускіх уладаў у дачыненні да празрыстасці выбараў, справядлівасці выбараў і, увогуле, дэмакратызацыі сітуацыі ў Беларусі. Тут, як мне падаецца, няма ніякіх падстаў зараз мяняць пазіцыю Еўрапарламента да беларускіх дэпутатаў і таго, што зараз адбываецца ў Беларусі.
Паўнацэнная супраца з афіцыйным Менскам магчыма толькі ў выпадку адсутнасці палітычных вязняў, заяўляюць еўрапейскія чыноўнікі, якія апошнім часам часта наведваюць Беларусь. Падчас адлігі ў дачыненнях паміж Менскам і Бруселям узмацняецца ціск і пераслед іншадумцаў у Беларусі, адзначае Алесь Бяляцкі.
* * *
Нягледзячы на нібыта пацяпленне дыпламатычных адносінаў паміж афіцыйным Менскам і Бруселем, у самой Беларусі нічога не змяняецца ў бок дэмакратызацыі або захавання правоў чалавека.
“Гэта два асобныя вектары, якія нават не перасякаюцца””, – кажа старшыня праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі:
– Гэты вектар на ўтрыманне грамадскай і палітычнай сітуацыі пад поўным кантролем, падтрыманне высокага ўзроўню страха ў грамадстве праз пераслед палітычных актывістаў. І тое, што адбываецца з палітычнымі зняволенымі, больш разлічана на грамадства з тым, каб распаўсюджваць гэты страх і сігналы таго, што ўлады не збіраюцца нічога мяняць – не дапусціць ў Беларусі ніякай дэмакратызацыі, лібералізацыі.
Перадумовай аднаўлення паўнавартасных дыпламатычных адносінаў з афіцыйным Менскам, Еўразвяз назваў адсутнасць палітычных вязняў ў Беларусі.
“Палітвязні пакуль застаюцца за кратамі, а афіцыйны Менск рыхтуецца да Саміту “Усходняга Партнёрства” ў Рызе”, – канстатуе Алесь Бяляцкі, які сам быў палітычным зняволеным.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя