Агляд прэсы: культура страху
Чаму Расея не можа пераканаць Беларусь ваяваць ва Украіне. Што азначае адстаўка расейскага дыпламата пры ААН? У Францыі міністр унутраных спраў узяўся за купальнікі. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Вольгі Сямашкі.
«Лукашэнка ўсведамляе вялізныя страты, якія Расея нанесла падчас несправядлівага ўварвання, і не хоча, каб падобны лёс напаткаў Беларусь. Вайна Расеі ва Ўкраіне была катастрафічнай. За апошнія чатыры месяцы былі забітыя дзесяткі тысяч украінцаў. Мільёны грамадзян Украіны выехалі з краіны. Украінскія гарады і вёскі былі спустошаныя беспрычынным уварваннем Расеі, і вайна працягваецца без канца», – піша амерыканскае выданне The National Interest.
«Уварванне прайшло не па плане Расеі. Тысячы расейскіх салдат загінулі , дарагая расейская вайсковая тэхніка была знішчана, а маральны дух расейскіх вайскоўцаў панізіўся. З-за гэтых няўдач Пуцін пачаў шукаць іншыя варыянты. Напрыклад, Расея набрала чачэнскіх і сірыйскіх добраахвотнікаў для ваявання ва Украіне і спрабуе ўцягнуць Беларусь у сваю несправядлівую вайну. Калі Беларусь уварвецца, гэта можа сарваць контрнаступленне Украіны, бо ўкраінскім сілам давядзецца змагацца супраць двух замежных войскаў. Аднак многія беларускія вайскоўцы выступаюць супраць расейскага ўварвання ва Украіну; некалькі афіцэраў звольніліся з арміі, а многія іншыя збеглі з краіны. Шматлікія беларускія салдаты таксама адмовіліся ўступаць у бой. Гэта прымусіла падраздзяленні вярнуцца ў свае базы, такім чынам, яны пакінулі свае пазіцыі каля беларуска-ўкраінскай мяжы. Некаторыя былыя беларускія вайскоўцы нават пайшлі добраахвотнікамі ва ўкраінскую абарону. Апошнія апытанні паказваюць, што беларускі народ катэгарычна супраць вайны. Таму, асцерагаючыся рэакцыі патэнцыйнага беларускага ўварвання ва Украіну і поўны рашучасці ўтрымаць сваю ўладу любымі неабходнымі сродкамі, Лукашэнка паспрабуе пазбегнуць уварвання ва Ўкраіну», – прагназуе амерыканскае выданне.
Супрацоўнік расейскай місіі ААН у Жэневе Барыс Бондараў падаў у адстаўку. «Мне ніколі не было так сорамна за сваю краіну», – напісаў ён у развітальным лісце сваім калегам у МЗС Расеі. Еўрапейская прэса падтрымлівае крок дыпламата, але не бачыць падставы да асаблівай радасці.
Аўстрыйская газета Die Presse аддае даніну павагі дыпламату.
«Нарэшце хоць хтосьці адважыўся назваць рэчы сваімі імёнамі і пазначыць гэтую вайну тым, чым яна з’яўляецца: крывавай, бессэнсоўнай і зусім бескарыснай ганьбай. Гэта рэдкі акт грамадзянскай мужнасці сярод прадстаўнікоў расейскай эліты. Да гэтага часу незадавальненне ў істэблішменце ўзнікала толькі зрэдку, няхай гэта будзе ў СМІ, сярод прадстаўнікоў бізнесу або дыпламатыі. І нельга сказаць, каб гэта выклікала масавую хвалю пратэстаў у Маскве ці Санкт-Пецярбурзе. Для тых, хто глядзіць на Расею з боку, гэты акт пратэсту, верагодна, будзе мець сур’ёзны сігнальны эфект: у расейскім грамадстве ёсць не толькі згоднікі і канфармісты і, магчыма, не ўсе праціўнікі вайны і рэжыму пакінулі краіну», – адзначае аўстрыйскае выданне.
У мінулы аўторак у пачатковай школе тэхаскага мястэчка Ювалд 18-гадовы амерыканец расстраляў 19 дзяцей і двух дарослых. Прэзідэнт ЗША Байдэн быў узрушаны і заклікаў да ўзмацнення жорсткасці законаў аб доступе да зброі. Як можна прадухіліць такія трагедыі?
Польская газета Rzeczpospolita не вітае ліберальнае права нашэння зброі ў ЗША. Яна перасцерагае ад магчымых паслабленняў у Польшчы, дзе вайна ва Украіне выклікала да жыцця пэўнага роду заклікі.
«Колькі яшчэ масавых забойстваў павінна адбыцца, перш чым Кангрэс ЗША сур’ёзна возьмецца за вырашэнне гэтай праблемы? Для таго, каб гэтае грамадства ачуняла, цалкам можа запатрабавацца трагедыя, параўнальная з падзеямі 11-га верасня. Між тым, цалкам падтрымліваем абмежаванні на доступ да агнястрэльнай зброі ў Польшчы, рухомыя палохаючай ідэяй таго, што замест кухонных нажоў і сякер польскія бандыты абзавядуцца больш небяспечнай зброяй, такой, як аўтамат», – піша польскае выданне.
Усяго дзесяць дзён жанчынам было дазволена насіць буркіні ў басейнах французскага Грэнобля, пасля чаго адміністрацыйны суд адмяніў гэтае рашэнне гарадской адміністрацыі. Па гіроніі лёсу, міністр унутраных спраў Францыі Дарманен даручыў мясцоваму прэфекту абскардзіць гэтае рашэнне. Палеміка вакол буркіні цягнецца ў свецкай Францыі ўжо вельмі шмат гадоў.
“У выніку неабходна ўрэгуляваць гэтую прыкрую спрэчку”, – заклікае французская газета L’Opinion.
«Адміністрацыя Грэнобля абвясціла, што мае намер звярнуцца з апеляцыяй у Дзяржаўную раду. Савет ужо займаўся распараджэннем аб забароне буркіні на пляжах Блакітнага берага, якое было адменена. Прыхільнікі рэлігійнага нейтралітэту ў публічнай прасторы і прыхільнікі свабоды сумлення працягваюць і надалей біцца не на жыццё, а на смерць. Ці варта тут умешвацца заканадаўчым органам? Давайце ж пазбавім сябе ад парламенцкіх дэбатаў аб форме і памеры плавальных строяў і купальнікаў, таму што на чале кута павінна стаяць толькі адно: захаванне грамадскага парадку. Гэта – пытанне, на якое варта было б адказаць не столькі юрыдычна, колькі з пункту гледжання разумнага сэнсу», – заклікае французскае выданне.
Беларускае Радыё Рацыя