Дзяніс Садоўскі: Мы прапануем змены ў выбарчае заканадаўства



Прадстаўнікі кампаніі назірання «Права выбару» прапануюць вынесці на разгляд парламента законапраект аб змене выбарчага заканадаўства. У гэтую грамдскую ініцыятыву ўваходзяць восем дэмакратычных партый і арганізацый Беларусі. Кіраўнік кампаніі, адказны сакратар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Дзяніс Садоўскі кажа, што ў бліжэйшы час дакумент перададуць у Палату прадстаўнікоў ды іншыя органы ўлады:

– Мы распрацавалі шэраг змен, якія накіраваныя на большыя правы палітычных партый і грамадскіх арганізацый па вылучэнні сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі, мы прапаноўваем скараціць датэрміновае галасаванне да двух дзён і прапаноўваем шэраг мераў, накіраваных на рэальны кантроль за вынікамі датэрміновага галасавання, для таго, каб не дапусціць фальсіфікацыяў і падменаў бюлетэняў падчас датэрміновага галасавання. І трэцяе, мы выступаем з прапановай дапусціць назіральнікаў да рэальных падлікаў галасоў.

Аднак, як падкрэсліў Дзяніс Садоўскі, ніякі, самы лепшы закон, не будзе дзейнічаць пры існуючай у Беларусі практыцы. Нават прынятае ўжо выбарчае заканадаўства не выконваецца. На думку палітыка, важна засяродзіцца на назіранні ў час выбараў на выбарчых участках, паколькі вынікі незалежнага назірання стануць галоўным крытэрам для прызнання гэтых выбараў дэмакратычнымі і свабоднымі.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя