Андрэй Шарэнда: Паліна напісала зварот да беларусаў



Грамадская актывістка з Берасця Паліна Шарэнда-Панасюк, якая знаходзіцца за кратамі са студзеня 2021 года, напісала ў лісце да мужа зварот да беларусаў і да еўрапейскіх палітыкаў.

Паліна Шарэнда-Панасюк і Андрэй Шарэнда.

Пра ліст распавядае яе муж Андрэй Шарэнда:

Яна перадае, што зараз палітычных вязняў моцна ламаюць у турмах. Іх прымушаюць пісаць прашэнні пра памілаванне. Шмат хто з палітвязняў не піша яго таму, што яны трымаюцца сваёй лініі, што нельга весці перамовы з дыктатарам, забойцам і тэрарыстам Лукашэнкам. Яна просіць беларусаў не спыняцца ў сваёй барацьбе, таксама просіць еўрапейцаў, якія ўжо быццам бы гатовыя весці перамовы з тэрарыстам, спыніцца і памятаць, што сумленне павінна быць перш за ўсё.

Па яго словах, ліставанне з Палінай адбываецца рэгулярна і да яе даходзяць пасылкі:

Пасылкі, перадачы ідуць рэгулярна. Я і мае сябры размеркавалі абавязкі, каб пасылкі ішлі з аднолькавымі прамежкамі. На шчасце зараз ад Паліны даходзяць лісты, у іх Паліна перадае інфармацыю пра сябе. Асноўнае, што Паліна перадае, што яе не зламалі новыя тэрміны, не зламалі запужванні, якія супраць яе зараз ужываюць. Паліна далей працягвае змаганне нават знаходзячыся за кратамі.

8 чэрвеня 2022 у Гомельскім абласным судзе адбудзецца разгляд апеляцыйнай скаргі Паліны Шарэнды-Панасюк на рашэнне суда Чыгуначнага раёна Гомеля. Скаргу будзе разглядаць суддзя Мікалай Маратаеў. Ужо вядома, што пасля суду Паліну перавядуць у Магілёўскую калонію.

Беларускае Радыё Рацыя