Пра стратэгію ва ўмовах, калі забараняецца ўсё беларускае



Яшчэ якіх тры-чатыры гады таму ў Беларусі ніхто асабліва не здзіўляўся з’яўленню крамаў з сувенірнымі беларускімі таварамі. У буйных гарадах адкрываліся бары і рэстараны, дызайн якіх быў вытрыманы ў беларускім рэчышчы. Кніжныя выдавецтвы, якія спецыялізаваліся на перакладах замежных аўтараў на беларускую мову, паступова ўздымаліся на ногі. Сотні беларусаў штотыдзень хадзілі на бясплатныя моўныя курсы «Мова Нанова» па ўсёй краіне. Словам, у Беларусі цягам апошніх гадоў сталі праяўляцца працэсы, якія сведчылі пра трансфармацыю грамадства. Нават ва ўмовах, якія цяжка назваць было спрыяльнымі, беларускае грамадства прадэманстравала імпэт да стварэння свайго.

Моду на ўсё беларускае падхапілі нават дзяржаўныя арганізацыі кшталту БРСМ, якія перанялі ад актывістаў ідэю параду вышыванак. Аднак усе гэтыя пазітыўныя працэсы, якія ўмацоўвалі беларускую дзяржаўнасць і рабілі нашую краіну пазнавальнай у свеце, вельмі хутка згарнулі ўлады. Пасля падзей 2020 года асноўны ўдар прапагандыстаў і ўладаахоўных органаў прыйшоўся на нацыянальна арыентаваныя супольнасці, у тым ліку нацыянальны бізнес, структуры грамадзянскай супольнасці і незалежныя СМІ. Ва ўладзе не сталі шукаць сапраўдныя прычыны масавай незадаволенасці беларускага народу, а традыцыйна абвінавацілі ва ўсіх сваіх правалах «змагароў». Антыбеларускае лобі ў сілавых структурах і ў бюракратычных колах пачало весці рэй. За два гады рэпрэсіўны каток закатаў у асфальт кволыя парасткі Беларушчыны, знішчыў сціплыя заваёвы на ніве беларускага адраджэння і адкінуў краіну назад на дзясяткі гадоў у сваім развіцці. Такі трэнд не маглі не адчуць нянавіснікі Беларусі, якія раней не надта актыўнічалі па прычыне малой падтрымкі з боку насельніцтва і маргінальнасці. Некаторыя з іх, якія раней прыкрываліся паліткарэктнымі фразамі і фармулявалі беларусафобскія выказванні асцярожна, цяпер сарваліся нібы з ланцуга. Іншыя дзейнічаюць у традыцыі савецкіх даносчыкаў, рыхтуюць скаргі на бары з «русафобскімі назвамі» (выпадак са сталічным барам «Каліноўскі», у якім, зрэшты, нічога, акрамя назвы, беларускага няма). Асабліва пільныя адэпты «рускага міру» даносяць на Міністэрства культуры за тое, што дзяржава выдзяляе грошы на рэстаўрацыю «заходніх» помнікаў. У Гародні дасталі з нейкай звалкі і адмахнулі пыл з бюста герою Грамадзянскай вайны Чапаеву, які ніколі ў жыцці не быў у Гародні і ўвогуле мае да Беларусі прыблізна такое ж дачыненне, як змагар за свабоду іспанскіх калоній у Лацінскай Амерыцы Сімон Балівар. Інакш кажучы, рускамірцы ў Беларусі разгарнулі кіпучую дзейнасць па вынішчэнні ўсяго беларускага. І ім ва ўсім спрыяюць паслухмяныя лукашэнкаўскія чыноўнікі і сілавікі, якія сумеснымі высілкамі набліжаюць заканчэнне гісторыі дзяржавы пад назвай Беларусь.

Беларускае грамадства, калі праводзіць паралелі, апынулася ў сітуацыі, падобнай на тое, што перажывалі палякі пасля разгрому рэвалюцыі ў 1905-1907 гг. Тады польскія інтэлектуалы спрачаліся між сабой, якая стратэгія можа прывесці да перамогі: фармаванне нацыянальных вайсковых фармаванняў альбо асветніцкая праца. Аднак гэтыя дыскусіі вырашыліся самі па сабе, калі дайшла справа да калапсу Расейскай імперыі. Тады спатрэбілася і нацыянальнае войска, і культурніцкія арганізацыі, якія аператыўна ўзялі ўладу ў свае рукі і не далі расейскім бальшавікам аніводнага шансу на аднаўленне імперыі. Беларусам варта звярнуць увагу на досвед суседняга народу і зрабіць свае высновы. Калі забараняюць свае выдавецтвы, то ствараць электронныя бібліятэкі. Калі няма беларускай школы, вучыць сваіх дзяцей асновам Беларушчыны дома.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ