Украінская выведка не фіксуе фармавання наступальных груповак з Беларусі



У Дзяржаўнай памежнай службе Украіны заявілі, што расейскія войскі з беларускай тэрыторыі сочаць пры дапамозе беспілотнікаў за абароннымі пазіцыямі ўкраінскай арміі.

«Мы сапраўды дастаткова часта фіксуем працу беспілотных апаратаў, у тым ліку на ўчастку мяжы з Беларуссю, якія, хутчэй за ўсё, адсочваюць сілы абароны Украіны», — сказаў Свабодзе спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка.

Пра вялікую колькасць беспілотнікаў, што запускаюцца з тэрыторыі Беларусі, у эфіры ўсеўкраінскага тэлемарафону заявіў прэс-афіцэр 112-й брыгады тэрытарыяльнай абароны Узброеных сіл Украіны Андрэй Кавалёў.

У Дзяржаўнай памежнай службе Украіны інфармацыю аб расейскіх дыверсійных групах з тэрыторыі Беларусі не камэнтуюць.

Позна ўвечары 31 траўня ў Генеральным штабе Узброеных сіл Украіны заявілі, што ў памежных з Беларуссю раёнах Украіны ваенная сітуацыя не змянілася і выведка не фіксуе фармавання наступальных груповак.