„Мова нанова” пашырае сваю дзейнасць



„Курсы беларускай мовы „Мова нанова” працягваюць ствараць свае філіі па розных гарадах Беларусі. Прычым гэта не абавязкова абласныя альбо вялікія гарады”, – кажа каардынатар курсаў Глеб Лабадзенка:

– Адкрыліся курсы ў двух новых гарадах – Астравец і Гомель. Такім чынам штотыднёвая колькасць студэнтаў у сярэднім дасягнула 700 чалавек. Студэнцкіх білетаў мы выдалі ўжо больш за 1300 – ад кастрычніка, калі мы пачалі гэта рабіць. Канешне, вельмі прыемна, што падвышаецца ўвага ў новых гарадах.

Паводле Глеба Лабадзенкі, у Гомелі на курсах збіраецца звычайна 50-60 чалавек, а ў невялікім гарадку Астравец курсы наведвае каля 35 навучэнцаў.

Працягваецца праца па стварэнні курсаў і ў іншых гарадах, напрыклад, у Полацку ўжо ёсць каму весці заняткі, але пакуль арганізатары ніяк не знойдуць адпаведнае, зручнае памяшканне.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя