“Бобік” – не раскоша, а сродак перасоўвання. На якіх аўтамабілях ездзілі беларускія антысаветчыкі?
У часы позняга сацыялізму валодаць аўтамабілем маглі толькі нямногія грамадзяне CCCР. Для таго каб сесці за стырно ўласнай машыны, недастаткова было мець грошы. Шчасце варта было выпакутаваць: гадамі адстаяць у чарзе і падключыць “блат”. Амерыканскі прэзідэнт Рональд Рэйган, які любіў калекцыянаваць досціпы пра абсурдную савецкую рэчаіснасць, неяк распавёў на публіцы адзін са сваіх улюбёных анекдотаў. Анекдот ад кіраўніка ЗША быў такі:
“У СССР, каб набыць аўто, трэба дзесяць год прастаяць у чарзе. І вось прыходзіць пакупнік, робіць аванс, а гандляр яму кажа:
— Усё, прыходзьце за вашым аўтамабілем праз 10 год.
— Раніцай ці днём?
— Гэта ж праз дзесяць год, якая розніца?
— Дык проста раніцай да мяне сантэхнік прыйдзе! — адказвае мужык”.
Апантаныя аматары аўтамабіляў і вандроўнікі браты Юрка і Лявон Луцкевічы па вяртанні з Калымы набываюць сабе аўтамабіль, які ў перапісцы з сябрамі па гулагаўскім мінулым ласкава называюць “Бобікам”. Верагодна, гаворка ідзе пра савецкі вайсковы джып “ГАЗ-67”, які быў распрацаваны яшчэ ў гады ІІ Сусветнай вайны для патрэбаў арміі. У наступныя мірныя дзесяцігоддзі некаторыя спісаныя з уліку аўтамабілі было магчыма набыць для ўласных патрэбаў, чым і скарысталіся віленчукі Луцкевічы. Мянушка “Бобік”, паводле некаторых меркаванняў, замацавалася за маркай гэтага аўто ў звязку з тым, што “ГАЗ-67” выкарыстоўвалі міліцыянты для перавозкі затрыманых. Луцкевічы ездзілі на “Бобіку” па еўрапейскай частцы СССР, наведвалі сваіх сяброў у Беларусі і ва Украіне, адпачывалі на ім у паездках на Рыжскае ўзмор’е і часцяком выбіраліся ў грыбы па навакольных лясах.
Дакладную дату, калі Юрка і Лявон сталі аўтаўласнікамі, назваць праблематычна. Першая згадка пра “Бобік” ўпамінаецца ў перапісцы з Уладзімірам Стрыгуцкім 5 жніўня 1964 года, калі віленскія джэнтльмены выехалі ў вандроўку на Рыжскае ўзбярэжжа: “Даражэнькія Яня, Валодзя і Кастусь! Пішам Вам гэту пісульку з курорту Юрмала на Рыжскім узбярэжжы. Пагода зменная, вада ў моры халодная, але мы гераічна штодня купаемся. Жывем у палатцы, але пры поўным камфорце: на гэты раз мы, апрача палаткі, століка і 4 крэслаў заладавалі на багажнік “Бобіка” яшчэ дзве раскладушкі. Спім, як паны, на чыстай пасцелі пад цёплымі коўдрамі”.
Сярод жыхароў Савецкага Саюза было папулярным меркаванне, што ўрад адмыслова стрымліваў развіццё айчыннага аўтапраму, каб не даваць грамадзянам свабоду перамяшчэння. Хаця насамрэч гаворка ішла больш пра тэхналагічную адсталасць краіны, якая адправіла першага чалавека ў космас, але не магла наладзіць вытворчасць масавага легкавога аўтамабіля.
25 ліпеня 1965 года Юрка Луцкевіч піша сябруку Валодзю Стрыгуцкаму пра чуткі наконт выпуску ў СССР аўтамабіляў па італьянскай ліцэнзіі: “Новых “запарожцаў” у Вільні ніхто яшчэ не бачыў. Я бачыў яго на малюнку ў варшаўскай газеце. Ходзяць неправераныя чуткі, быццам замест гэтай мадэлі завод у Запарожжы мае выпускаць “ФіАТ-800” па італьянскай ліцэнзіі. Але нават, каб яны і з’явіліся ў продажу, то стаць на чаргу зусім не лёгка, асабліва таму, хто мае машыну (у нас пры куплі яшчэ патрабуюць спраўку ад інспекцыі, што не маеш машыны). А Лёньку і мяне палічаць за адну сям’ю, бо прозвішчы аднолькавыя і жывем у адной кватэры”.
Для кожнага ўласніка прыватнага аўтамабіля ў савецкія часы востра паўставала праблема сервісу. Не маючы магчымасць забяспечваць прафесійнае абслугоўванне машыны, аўтамабілісты самі засвойвалі азы прафесіі механіка альбо звярталіся да народных умельцаў. Цэлае дзесяцігоддзе, цягам якога перапісваліся Юрка Луцкевіч з Уладзімірам Стрыгуцкім, амаль у кожным лісце гаварылася пра бясконцы рамонт “Бобіка”.
У віншавальным навагоднім лісце Стрыгуцкім у снежні 1966-га Юрка Луцкевіч піша пра праблемы з рамонтам машыны: ”Рамонт Бобіка стаіць на пункце замярзання. Новы пярэдні мост прыдбалі, але гэта яшчэ толькі пачатак. Трэба будзе мяняць рулявую калонку, наагул працы вельмі шмат. Усё ж хоць у сярэдзіне лета — паедзем ізноў! А наагул наракаць у нас няма на што. Жывем, як і можна было прадбачыць, дружна. Хаця яшчэ і невядома, калі атрымаем водпуск, але ўпэўнены, што ў наступным годзе так, ці інакш, але адведаем вас у новай гомельскай кватэры. Эх, і дамо-ж тады ў газ”.
31 сакавіка 1968 года — зноў “Бобік” у рамонце: “Даражэнькія Стрыгуцкія ды Стрыгучаняты!
Бобікаў рамонт рухаецца. Уся бяда ў тым, што майстра, якому мы даручылі зрабіць гэту рэканструкцыю — танкіст, і яго вечна цягаюць на ўсякія зборы, вось і цяпер забралі на 2 тыдні. У нас цяпер, як пацяплела, крыху зрушылася з мёртвага пункту справа рамонту “Бобіка”. Чорт з ім, хаця і паволі рамантуем, але ж будзе “люкс-машына”!”
Саматужны рамонт машыны і дэфіцыт запчастак давалі часта пра сябе ведаць. І часта “Бобік” ламаўся на паўдарозе, падводзіў у самыя нязручныя моманты. Так апісвае сваю паездку ва Украіну, якая не абышлася без прыгодаў, Юрка Луцкевіч: “31 кастрычніка 1966 года. Што-ж, пагасцілі — трэба і чэсць знаць. Заправіліся і паехалі назад. А выехалі позна, гадзінкі гэтак у чатыры, дык пасля поўначы каля Івацэвіч захацелася спаць. З’ехалі з шашы, пераставілі сядзенні і давай кімарыць. Прачнуліся ўранку, аж на вокнах гэткія прыгожыя ўзоры, што і з машыны вылазіць неахвота. Ды і не дзіва, замаразак салідны. І “Бобік” не хоча заводзіцца. Добра, што знайшлася сімпатычная “Калхіда”, якая нас выцягнула на асфальт і раскачагарыла. Каля Дзяржынска адскочыла труба глушыцеля ад калектара, і мы шуравалі з “трактарным” трэскам цераз увесь Менск і ніводная сабака нас не затрымала. Толькі ў Радашковічах прыкруцілі трубу. У Радашковічах папалі на імяніны, схадзілі ў грыбы (набралі кош рыжыкаў і кабылак), ды атрымалі кацяня — Мурзіка, што і зараз жыве ў нас у якасці самага маладога члена сям’і”.
Мікола Бянько, тэкст падрыхтаваны ў межах аўтарскай праграмы “Луцкевічы. Джэнтльмены ў БССР”
Перадачу слухайце ў далучаным файле: