Іспанія і Партугалія згулялі ўнічыю ў першым туры Лігі нацый



У матчы першага тура Лігі нацый у межах групы А2 паміж Партугаліяй і Іспаніяй была зафіксаваная нічыя 1:1. Каманды гулялі на стадыёне «Беніта Вільямарын» у Севільі. На 25-й хвіліне Альвара Марата адкрыў лік. Гаві, працягнуўшы мяч, зрабіў пас на ход Пабла Сарабіі, а той прастрэліў у штрафную, адкуль Марата дакладна прабіў. На 82-й хвіліне Рыкарду Орта зраўняў лік – пасля розыгрышу сценкі Жаау Кансэлу прастрэліў у штрафную, дзе іспанцы не ўсачылі за нападнікам, які ў дотык пераправіў мяч у сетку. У іншым матчы групы зборная Чэхіі перамагла швейцарцаў – 2:1.

Футбалісты Грузіі разграмілі ў Тбілісі каманду Гібралтара з лікам 4:0, забіўшы па два мячы ў кожным тайме. У іншым паядынку квартэта балгарскія футбалісты прымалі гасцей з Паўночнай Македоніі і завяршылі сустрэчу ўнічыю – 1:1. Зборная Ізраіля згуляла ўнічыю з камандай Ісландыі — 2:2. Эстонцы  абыгралі Сан-Марына – 2:0

У дывізіёне В гол Холанда прынёс нарвежцам перамогу над сербамі 1:0, зборная Швецыі была мацней за славенцаў 2:0. Грэкі з мінімальным лікам 1:0 адолелі зборную Паўночнай Ірландыі.

Зборная Беларусі свой стартавы матч у 3-й групе правядзе сёння ў сербскім Нові-Садзе супраць каманды Славакіі. Там жа беларускія футбалісты згуляюць і два іншыя хатнія паядынкі: 6 чэрвеня з азербайджанцамі і 10 чэрвеня са зборнай Казахстана.

Неймар аформіў дубль у спарынгу з камандай Паўднёвай Карэі

Форвард зборнай Бразіліі Нэймар аформіў дубль у таварыскім матчы з камандай Паўднёвай Карэі, які яго каманда выйграла 5:1. Нападнік двойчы вызначыўся з пенальці, забіўшы галы на 42-й і 57-й хвілінах сустрэчы. Такім чынам, у актыве Неймара 73 мячы ў 118 матчах за нацыянальную каманду. Форвард гуляе за зборную з 2010 года.

Рэкорд па колькасці галоў за зборную Бразіліі належыць легендарнаму нападніку Пеле. Экс-форвард вызначыўся 77 разоў у 92 матчах.

Кірыл Альшэўскі пакінуў пасаду галоўнага трэнера „Ліепаі”

Беларускі спецыяліст Кірыл Альшэўскі пакінуў пасаду галоўнага трэнера „Ліепаі”. „Дзякуй, трэнер! Дзякуй за эмоцыі, дзякуй за старт сезона, які стаў адным з лепшых за апошнія гады. Дзякуй за вопыт. Жадаем поспехаў у будучыні!” — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы „Ліепаі”.

Пад кіраўніцтвам Альшэўскага „Ліепая” набрала 35 ачкоў у 16 матчах цяперашняга сезона, каманда займае трэцяе месца ў табліцы.

Свёнтэк стала першай фіналісткай „Ралан Гарос”

Польская тэнісістка Іга Свёнтэк першай прабілася ў фінал адкрытага чэмпіянату Францыі. У стартавым паўфінале першая ракетка планеты, аддаўшы ўсяго тры геймы, разграміла ў двух сэтах расіянку Дар’ю Касаткіну, якая займае 20-е месца ў рэйтынгу WTA, – 6:2, 6:1.  Для полькі, якой на днях споўніўся 21 год, гэта 34-я перамога запар у матчах турніраў пад эгідай WTA. Па працягласці бяспройгрышнай серыі яна дагнала амерыканку Серэну Уільямс і зараз саступае толькі старэйшай з сясцёр Уільямс – Вінус, у якой 35 вікторый запар. Суперніцай полькі ў фінале па вырашальным паядынку „Ралан Гарос” стала амерыканская тэнісістка 23-і нумар рэйтынгу WTA Коры Гаўф, якая перамагла італьянку Марціну Трэвізан – 6:3, 6:1.

Мароз папоўніў склад менскага „Дынама”

Хакейнае менскае „Дынама” дасягнула дамоўленасці пра падпісанне кантракта з нападнікам Вадзімам Марозам. У мінулым сезоне 18-гадовы форвард дэбютаваў у экстралізе ў складзе наваполацкага „Хіміка”. У 35 матчах рэгулярнага чэмпіянату Мароз набраў 7 (4+3) ачкоў пры паказчыку карыснасці „+2”, на стадыі плэй-оф хакеіст зарабіў 2 (1+1) балы і „+3” у васьмі сустрэчах. У канцы сакавіка хакеіст трэніраваўся з „Дынама”, знаходзячыся на пробным кантракце. Двухбаковае пагадненне „зуброў” з Марозам разлічана на два сезоны.

Беларускае Радыё Рацыя